Першае пасяджэнне Сінода Біскупаў не мела на мэце змяніць дэпазіт веры ці падпарадкавацца грамадскай думцы, — заявіў арцыбіскуп Гінтарас Грушас 27 лістапада 2023 года.
Іерарх адкрыў сваім выступленнем пленарнае пасяджэнне Рады біскупскіх канферэнцый Еўропы (CCEE). Яно праходзіць на Мальце і працягнецца да 30 лістапада.
Старшыня CCEE адзначыў, што сёння свет як ніколі мае патрэбу ў міры. “Разам з Папам Францішкам мы рашуча гаворым наша не вайне, якая з’яўляецца паразай чалавецтва”, — сказаў арцыбіскуп Віленскі, запэўніўшы ў малітве “за цуд міру” і за тых, хто пакутуе ад канфліктаў, асабліва ва Украіне, за армянскі народ і жыхароў Святой Зямлі.
Іерарх асудзіў як тэрарыстычныя атакі ХАМАС, так і “ваенную эскалацыю” Ізраіля ў сектары Газа, таму што “насілле ніколі не можа быць спосабам абароны любой справы”. Ад імя еўрапейскіх біскупаў ён паўтарыў заклік да “канчатковага спынення агню, вызвалення закладнікаў і адкрыцця гуманітарных калідораў у Газе”.
Грушас канстатаваў, што ў сувязі з вайной ва Украіне, якая працягваецца ўжо амаль два гады, прыток імігрантаў у краіны Еўропы патрабуе дадатковых намаганняў Касцёла, які займаецца не толькі гуманітарнай, але і душпастырскай дапамогай новапрыбыўшым. Прагучаў заклік да справядлівага мірнага пагаднення, якое паважае міжнароднае права і «з’яўляецца адной з вялікіх ахвяр гэтай сітуацыі».
Літоўскі іерарх рашуча асудзіў усе віды сексуальнага гвалту і папрасіў прабачэння ў іх ахвяр. Ён нагадаў, што пасля Германіі і Францыі нацыянальныя справаздачы аб выпадках злоўжыванняў у Касцёле таксама прадставілі Швейцарыя, Партугалія, Іспанія і Італія.
Арцыбіскуп адзначыў, што нядаўняе першае пасяджэнне Сінода Біскупаў па сінадальнасці было ўважлівым поглядам на рэчаіснасць. Яго мэтай было не змяненне веравучэння або падпарадкаванне грамадскай думцы, а выслухванне народа Божага. Папа Францішак паказаў шлях для Касцёла ў апостальскай адгартацыі Evangelii Gaudium, і гэта новая евангелізацыйная жыццяздольнасць, у цэнтры якой знаходзіцца Бог, аб’яўлены ў Езусе Хрысце, памерлым і ўваскрослым.
Першы дзень асамблеі завяршыўся святой Імшой у канкатэдры святога Яна пад кіраўніцтвам кардынала Марыё Грэка, генеральнага сакратара Сінода Біскупаў.
Кс. Аляксандр Амяльчэня — беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку