Кульмінацыяй урачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста стала Эўхарыстычная працэсія 11 чэрвеня, якая распачалася ўрачыстай Імшой у катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага.
Падчас гаміліі біскуп Алег Буткевіч падкрэсліў важную ролю працэсіі: «Езус прагне крочыць разам з намі па нашым жыццёвым шляху. І працэсія з’яўляецца своеасаблівым сведчаннем нашай веры. Езус хоча быць з чалавекам. Ён прагне міласэрнасці, а не ахвяры. Як вядома, чалавек па сваёй натуры рэлігійны. І ён прыносіць пэўную ахвяру ў імя Бога. І гэтай ахвярай павінна быць наша жыццё. Жыць па-божаму, паступаць па-божаму, быць Божым чалавекам.
Гэта працэсія з’яўляецца праслаўленнем Бога. Шлях, якім мы пройдзем, будзе вобразам нашага шляху з Богам. І самае галоўнае, каб гэта было не толькі сімвалічна, але і каб мы імкнуліся жыць з Богам у сэрцы».
Па традыцыі працэсія мела чатыры прыпынкі. Чатыры алтары, якія падрыхтавалі вернікі з адпаведных парафій.
Каля кожнага алтара гучалі ўрыўкі з Евангелля.
Сярод прахожых былі і тыя, хто спыняліся, рабілі здымкі са сваіх смартфонаў. Іх спыняў Езус…
Затым біскуп усіх благаслаўляў Найсвяцейшым Сакрамантам.
Удзельнікі працэсіі праз спевы і малітвы праслаўлялі моц і непераможнасць Бога.
Напрыканцы ўрачыстасці пастыр дыяцэзіі выказаў вялікую ўдзячнасць, перадусім Пану Богу, усім удзельнікам працэсіі: святарам, сёстрам законным, хору, дзецям, якія так прыгожа і старанна ўпрыгожвалі шлях Езусу. Падзяка гучала таксама і для ўсіх, хто прычыніўся да арганізацыі свята: дарожна-патрульнай службе, медыцынскім работнікам, супрацоўнікам радыё, бо дзякуючы ім горад мог пачуць Слова Божае. І канечне, вернікам усіх парафій: Езуса Міласэрнага, Святой Барбары, Святога Антонія, Святога Духа, Святога Уладзіслава. Таксама біскуп Алег пажадаў усім радасці, супакою, любові, якія паходзяць ад Бога.
Сваімі сведчаннямі і ўражаннямі аб удзеле ў працэсіі падзяліліся і вернікі з парафій горада.
Алеся Вайцяховіч, парафія Святога Уладзіслава: «Я рада, што нас так шмат, можам разам ісці, маліцца. Нябачная ласка разліваецца на тых, хто Бога яшчэ не ведае. Але ёсць надзея, што нас, вернікаў, можа стаць больш».
Таццяна Цыбоўская, парафія Святога Антонія: «Яшчэ падчас Імшы я адчула моц Духа Святога. Радасць і супакой напаўнялі маё сэрца. Я спявала і малілася на чэсць Пана».
Наталля Васількова, парафія Святой Барбары: «У час працэсіі я больш разважала аб велічы Бога. Захаплялася Яго прысутнасцю».
Таццяна Мілашэвіч, парафія Святога Духа: «Парадавала тое, што так шмат практыкуючых вернікаў сабралася на ўрачыстую Імшу. Таксама радасцю напаўнялася сэрца ад супольнай малітвы і спеваў на праслаўлення Бога. Асабліва крануў гімн «Цябе Бога, праслаўляем»».
Іосіф Антонаў, парафія Езуса Міласэрнага: «Самыя найлепшыя ўражанні ад сённяшняга свята. Шмат малітваў было ўзнесена. Але хочацца, каб больш было людзей і ў звычайную нядзелю. Хочацца, каб людзі прыходзілі і ў звычайныя дні. Цікавіліся жыццём касцёла, яго патрэбамі. Дапамагалі ў працы па добраўпакадкаванню тэрыторыі касцёла. Каб старэйшае пакаленне было ўзорам для малодшага ў малітве і працы. Самае галоўнае, каб ланцужок гэты не парваўся».
Таццяна Образава, тэкст
Леанід Юрык, фота