На Алімпіядзе ў Парыжы спартсменам-католікам будуць дапамагаць святары

Менш за тры месяцы засталося да пачатку Алімпійскіх гульняў у Парыжы. Да іх рыхтуюцца не толькі спартсмены, але і святары. Для спартсменаў Алімпіяда — гэта складаныя і вырашальныя моманты. «Шмат з іх знаходзяць падтрымку ў веры», — сказаў дыякан Джэйсан Ніока, адказны за падрыхтоўку святароў Алімпіяды.

Паводле рэкамендацый МАК, у Алімпійскай вёсцы будзе мультырэлігійны цэнтр для прадстаўнікоў пяці асноўных рэлігій. Там спартсменаў-католікаў будуць чакаць 40 капеланаў.

«Для спартсменаў-католікаў гэта будзе месца, дзе яны змогуць памаліцца або прадставіць свае малітоўныя інтэнцыі, — кажа дыякан Ніока. — Будуць капеланы розных рангаў: святары, дыяканы, свецкія, манахі і манашкі, якія будуць гатовыя выслухаць і падтрымаць у такі важны для гульцоў час, паколькі гэта кульмінацыя многіх гадоў іх падрыхтоўкі.

Што тычыцца святых Імшаў, то іх будуць служыць непадалёк, у храме ў Сен-Уан-ле-Вье, які будзе прызначаны менавіта для спартсменаў. Літургіі будуць праходзіць на некалькіх мовах.

У самой Алімпійскай вёсцы ўсе хрысціяне будуць карыстацца адной залай, дзе будуць маліцца і католікі, і праваслаўныя, і пратэстанты. Там будзе таксама магчымасць скарыстацца сакрамантам споведзі. Мы хочам заўсёды быць у распараджэнні спартсменаў, каб яны маглі практыкаваць сваю веру».

Дыякан Джэйсан Ніока, сам былы дзюдаіст, запэўнівае «удзельнікі спаборніцтваў з задавальненнем звяртаюцца да духоўных паслуг. Таму што гульні — гэта час вялікага стрэсу і напружання. Кожны хоча выкласціся як мага паўней. А потым адны атрымаюць перамогу, а іншыя прайграюць, — і трэба ўмець таксама і змірыцца з паразай»,- дадае французскі дыякан.

Паводле Vatican News
пераклад Марыны Ткач

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі