“Мы – дзеці Твае”. У Браславе адбыліся ўрачыстасці ў гонар Маці Божай

Браслаўшчына – край азёраў і прыроды, якая захапляе сваёй прыгажосцю не толькі мясцовых жыхароў, але і гасцей з усёй Беларусі і нават замежжа. Улетку сюды прыязджае шмат турыстаў, каб правесці свой адпачынак.

Але прыгажосць прыроды – не адзінае, што прываблівае людзей. Сваіх дзяцей тут заўсёды чакае Маці Божая Браслаўская. Памаліцца перад яе цудадзейным абразом імкнуцца вернікі напрацягу ўсяго года, а ў жніўні тут адбываюцца ўрачыстасці.

Сёлета яны прайшлі 16 і 17 жніўня. 2024 год стаў асаблівым. У Віцебскай дыяцэзіі святкуецца 25 год з часу заснавання, а ў Браславе —  600 год заснавання парафіі, 200 год з часу пабудовы мураванага храма, а таксама 15 год з часу каранацыі цудадзейнага абраза Валадаркі Азёраў папскімі каронамі.

Урачыстасці распачаліся сустрэчай і прывітаннем пілігрымаў. На прыступках Санктуарыя біскуп Алег Буткевіч, пастыр дыяцэзіі, чакаў тых, хто пешшу і на роварах прыбываў да стоп Божай Маці.

Сёлета былі арганізаваны дзве пешыя пілігрымкі з Глыбокага і Удзела, а таксама дзве на роварах з Паставаў і Мёраў.

Потым распачалася святая Імша, якую ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. Ужо стала добрай традыцыяй, што падчас Імшы для пілігрымаў удзяляецца сакрамант хрысціянскай сталасці – бежмаванне. Сёлета яго прынялі моладзь і некалькі дарослых асоб не толькі з браслаўскай, але і з навакольных парафій.

Пасля святой Імшы вернікі мелі магчымасць памаліцца словамі Акафіста да Найсвяцейшай Багародзіцы, а потым разважаць пакуты Езуса Хрыста падчас набажэнства Крыжовага Шляху.

Кульмінацыяй першага дня стала працэсія з копіяй цудадзейнага абраза Маці Божай па вуліцах Браслава. Вернікі з запаленымі свечкамі маліліся на ружанцы, аддаючы ў апеку Багародзіцы свае сем’і, краіну і ўвесь свет.

Працэсія завяршылася ў касцёле святой Імшой апоўначы. Яе ўзначаліў арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі мітрапаліт Юзаф Станеўскі, а разам ім — біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй, Генеральныя вікарыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі і біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.

Падчас гаміліі арцыбіскуп Юзаф звярнуў увагу, на маленькія і вялікія юбілейныя даты, якія адзначаюцца ў дыяцэзіі і санктуарыі сёлета. Іерарх запэўніў, што памятае ў сваіх малітвах біскупа Віцебскай дыяцэзіі, святароў, кансэкраваных асобаў і ўсіх вернікаў.

Разважаючы словы Евангелля, арцыбіскуп зазначыў, што толькі Езус можа даць нам сілы для перамены ўсяго таго, што забруджана грахом, смерцю і смуткам.

Пасля Літургіі прысутныя вернікі мелі магчымасць адарацыі ў касцёле праз усю ноч.

17 жніўня а 11 гадзіне распачалася цэлебрацыя ўрачыстай святой Імшы. Ад прыступак храма ішла працэсія, у якой разам з літургічнай службай алтара прысутныя іерархі і святары ўрачыста крочылі да палявога алтара ў выглядзе карабля.

Напачатку да прысутных звярнуўся біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Пастыр дыяцэзіі заўважыў, што гэтыя 25 год былі не заўсёды простым часам, калі ўсе мы не толькі адбудоўвалі месцы культу, парафіяльныя супольнасці, малітоўныя групы, але і вучыліся быць самастойным Касцёлам і адчуваць сябе яго часткай.

Біскуп падзяліўся вялікай радасцю. На знак прызнання заслугаў вернікаў і духавенства Віцебскай дыяцэзіі, як і шматлікіх пакаленняў веруючых гэтай зямлі, дэкрэтам Апостальскай Сталіцы ад 23 мая 2024 года санктуарыю Маці Божай Браслаўскай быў нададзены тытул малой базылікі. Гэты важны тытул падкрэслівае асаблівыя адносіны супольнасці мясцовага Касцёла з асобай і вучэннем Святога Айца.

Адпаведны дакумент быў зачытаны на двух мовах: на лацінскай мове сакратаром Апостальскай нунцыятуры ў Мінску Монсіньёрам Кшыштафам Сэрока, і на беларускай — ксяндзом канонікам Аляксеем Ляшко.

Гамілію прамовіў біскуп Уладзімір Гуляй. Ён падкрэсліў, што марыйная пабожнасць – гэта тоеснасць хрысціянства і адметнасць Беларускага народа.

І тут, у Браславе, Марыя ў сваім цудадзейным абразе з’яўляецца дарогай, якая вядзе да Езуса Хрыста.

Асаблівай у гэтым годзе была і працэсія з дарамі, дзе прадстаўнікі розных малітоўных і парафіяльных груп прыносілі ў дар сваёй святыні розныя рэчы: першакамунійныя дзеці з бацькамі – абрусы на алтары, “Маці ў малітве” – арнат, Апостальства дапамогі душам чысцовым – Імшал, парафіяльны хор – васковыя свечы, моладзь – свечку раратнюю, сёстры-эўхарысткі – камуніканты і гостыі. А ўдзельнікі дзясятай юбілейнай пілігрымкі з Глыбокага прынеслі Нябеснай Маці кош белых ружаў як сімвал любячых сэрцаў і ў знак удзячнасці за яе падтрымку і апеку.

Пасля Камуніі прысутныя разам спявалі ўрачысты гімн Te Deum, а перад копіяй абраза адбыўся малітоўны акт аддання Віцебскай дыяцэзіі пад апеку Маці Божай.

На заканчэнне Імшы біскуп Алег падзякаваў прысутным іерархам з усёй Беларусі. Ганаровымі гасцямі ўрачыстасці сталі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй, Генеральныя вікарыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі і біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.

Да вернікаў звярнуліся прадстаўнікі мясцовых уладаў.

Перад благаславеннем біскуп Алег ад шчырага сэрца запрасіў усіх прыязджаць у Браслаў часцей, у любы зручны час і выказаў надзею, што ўсе мы сустрэнемся разам 22-23 жніўня праз год.

Вікторыя Філіпенка, тэкст
Марына Сінкевіч, Леанід Юрык, фота

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі