Міратворчая місія кардынала Дзупі. Ці атрымаецца Ватыкану прынесці мір ва Украіну?

Пра неабходнасць дасягнення міру паміж Украінай і Расіяй Святы Пасад і асабіста Папа Францішак заяўлялі неаднаразова з моманту пачатку поўнамаштабнай вайны 24 лютага 2022 года. Аднак толькі ўвесну 2023 года запрацавала адмысловая місія. Але, нягледзячы на шматлікія сустрэчы на самым высокім узроўні, вялікім пытаннем застаецца канкрэтны плён гэтай ініцыятывы.

Міратворчую місію ва Украіне кардыналу Матэа Дзупі, арцыбіскупу Балоньі і старшыні Канферэнцыі біскупаў Італіі, Папа Францішак даручыў у канцы мая. Афіцыйная мэта місіі – «спрыяць аслабленню напружанасці ў канфлікце ва Украіне», паведаміў 20 мая кіраўнік Залы друку Святога Пасада Матэа Бруні.

25 мая дэталі місіі раскрыў і сам кардынал Дзупі, праўда, засяроджваўся ён выключна на тэалагічнай ідэі, не кажучы пра якіясьці канкрэтныя крокі. Паводле яго, гэта мадэль і мандат Езуса для Касцёла – суправаджаць усіх, «хто адчувае ў сабе крыўду, агрэсію і горыч, адсутнасць надзеі».

«Пан падахвочвае нас адправіцца ў шлях, каб зноў сагрэць патухлыя сэрцы і абудзіць у іх новую любоў і новую надзею», – сказаў кардынал, паабяцаўшы зрабіць «усё магчымае, каб не рэагаваць на вайну пасіўна».

Ён заявіў, што плануе прынесці «блізкасць» Касцёла і «змякчыць наступствы жудаснай сітуацыі, максімальна дапамагаючы ўсяму, што будзе спрыяць дыялогу».

Клімат, а не пасярэдніцтва

Праблемы з місіяй узніклі амаль з самага пачатку, бо ўлады і Расіі, і Украіны заявілі, што гатовыя на дапамогу Ватыкану толькі тады, калі той пагодзіцца на іх бачанне заканчэння вайны.

«Калі ж у Святога Пасаду іншае бачанне сітуацыі, то, на жаль, гэта толькі паглыбіць крызіс і справакуе далейшыя агрэсіўныя дзеянні з боку Расіі», – сказаў Міхаіл Падаляк, дарадца кіраўніка офіса прэзідэнта Украіны.

«Любыя намаганні на гэтым напрамку будуць мець сэнс толькі пры ўмове ўліку добра вядомай прынцыповай пазіцыі Расіі адносна магчымых мірных перамоваў», – адзначылі ў МЗС РФ.

У выніку Дзяржаўны сакратар Святога Пасада кардынал П’етра Паралін 26 мая мусіў прызнаць: місія старшыні Канферэнцыі біскупаў Італіі заключаецца не ў пасярэдніцтве ў строгім сэнсе гэтага слова, а ў пошуках мірных шляхоў і «стварэнні клімату, дапамозе ў тым, каб ісці ў напрамку мірнага ўрэгулявання».

Як падкрэсліў кардынал Фернада Філоні, былы нунцый у Багдадзе, важным дасягненнем ужо стала б захаванне міжнароднага гуманітарнага права, спыненне бамбёжак грамадзянскіх абʼектаў і павага да ваеннапалонных. Гэтак місія кардынала Ражэ Эчэгарая  падчас вайны паміж Іракам і Іранам паспрыяла вызваленню палонных з абодвух бакоў фронту. Аднак падобная перад другой вайной у Персідскім заліве скончылася няўдала, прызнаў кардынал.

«Мы ўсведамляем цяжкасці, разумеем пакуты ўкраінскага народа і пазіцыю яго лідараў. Але ў той жа час, як даўно сказаў Прэзідэнт Зяленскі, «гэта вайна скончыцца за сталом перамоў». Такім чынам, усё, што мы можам рабіць, усе нашы намаганні накіраваны на тое, каб як мага хутчэй сесці за стол перамоў», – сказаў выданню La Stampa сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі, арцыбіскуп Пол Рычард Галахер.

Візіты ў Кіеў, Маскву і не толькі

Тым не менш, нягледзячы на скепсіс украінскіх і расійскіх уладаў, кардынал Дзупі ўжо ў чэрвені здолеў наведаць абедзве краіны. 5 чэрвеня ён прыбыў у Кіеў, дзе правёў шэраг сустрэч з прадстаўнікамі грамадзянскіх і рэлігійных уладаў, у тым ліку і з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім. Таксама ён правёў малітву ў Бучы, якая вясной 2022 года стала адным з сімвалам масавых злачынстваў супраць мірных жыхароў. Сярод тэмаў, якія абмяркоўваў кардынал, былі праблема ўкраінскіх дзяцей, вывезеных з акупаваных тэрыторый у Расію, а таксама становішча палонных, асабліва, грамадзянскіх.

Прэзідэнт Украіны папрасіў Ватыкан унесці дзейсны ўклад у пытанні вызвалення ўкраінскіх палонных, вяртанне дэпартаваных дзяцей і аднаўленне справядлівасці, што ўключае перадусім вывад расійскіх войскаў з тэрыторыі Украіны ў межах 1991 года.

Вынікі гэтых перамоваў пасля былі перададзеныя Святому Айцу «для ацэнкі крокаў, якія неабходна здзейсніць як на гуманітарным узроўні, так і для пошуку шляхоў да справядлівага і трывалага міру».

28 чэрвеня пасланнік Папы Францішка наведаў Маскву. Тут ён таксама сустрэўся з прадстаўнікамі грамадзянскіх і рэлігійных уладаў. Але да прэзідэнта Расіі яго, у адрозненні ад украінскага, не пусцілі. Тым не менш, кардынал сустрэўся з Юрыем Ушаковым, памочнікам прэзідэнта РФ па знешнепалітычных пытаннях, і Марыяй Львовай-Бяловай, Упаўнаважанай па правах дзіцяці. Падчас перамоў падкрэсліваўся гуманітарны аспект ініцыятывы, а таксама неабходнасць дасягнення міру. Аднак, як адзначыў Ушакоў, апроч абмену меркаваннямі, «карыснымі для абодвух бакоў», «ніякіх канкрэтных ідэй вылучана не было». Тым не менш, ён паабяцаў падтрымаць дэпалітызацыю вырашэння гуманітарных праблемаў.

«Мы вельмі зацікаўлены ў гуманітарнай справе і абароне нявінных жыццяў. Няма мірнага плана, няма пасрэдніцтва, ёсць вялікае жаданне спыніць насілле і захаваць чалавечыя жыцці, пачынаючы з абароны самых маленькіх», – распавёў папскі пасланнік па выніках паездак ва Украіну і Расію.

Візітамі ў Кіеў і Маскву міжнародная актыўнасць кардынала Дзупі не абмежавалася. 17 ліпеня ён наведаў Вашынгтон, дзе сярод іншага сустрэўся з прэзідэнтам Джо Байдэнам. Яны абмеркавалі двухбаковыя намаганні па аказанні гуманітарнай дапамогі пацярпелым, а таксама ініцыятывы Святога Пасада па рэпатрыяцыі ўкраінскіх дзяцей з Расіі. Прэзідэнт ЗША запэўніў дэлегацыю ў сваёй поўнай гатоўнасці падтрымліваць ініцыятывы ў гуманітарнай сферы, асабліва на карысць дзяцей і найбольш уразлівых слаёў насельніцтва, як у адказ на гэту надзённую патрэбу, так і ў падтрымку шляхоў міру.

Арцыбіскуп Цімаці Броліа, старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў ЗША, падкрэсліў, што сустрэча з Байдэнам доўжылася больш за гадзіну, што «сведчыць пра значэнне, якое прэзідэнт Злучаных Штатаў надаў жэсту Францішка». На думку старшыні амерыканскага епіскапату, сустрэчы ў Вашынгтоне, Кіеве і Маскве зʼяўляюцца адным з прыкладаў таго, як Святы Пасад спрабуе ўнесці свой уклад у будаўніцтва міру, або, прынамсі, спрыяць абмеркаванню гэтай праблемы. Ён падкрэсліў, што такія намаганні «ні ў якім разе не азначаюць пасрэдніцтва».

На думку старшыні амерыканскага епіскапату, Святы Пасад засяроджвае ўвагу на тым, што ён робіць лепш за ўсё, а менавіта на гуманітарных аспектах, таму гэта было асноўнай тэмай сустрэчы кардынала Дзупі з прэзідэнтам ЗША. «Яны казалі пра гуманітарную дапамогу, пра надзею на тое, што ваенныя дзеянні могуць спыніцца, хоць у цяперашні час гэта здаецца дастаткова нерэальным», – сказаў арцыбіскуп Броліа.

Што далей?

Тым не менш, усе гэтыя візіты не прынеслі пакуль аніякай канкрэтыкі. У выніку яшчэ ў канцы чэрвеня кардынал Паралін адзначыў, што пакуль не бачыць шмат магчымасцяў для хуткага дасягнення міру ва Украіне.

«Місія кардынала Дзупі ў Кіеве і Маскве была вельмі важнай. Яна засяродзілася перш за ўсё на гуманітарным баку: абмене палоннымі і рэпатрыяцыі дзяцей, а гэта патрабавала перамоў з Масквой», – заявіў ён 6 ліпеня ў інтэрв’ю службе навін італьянскага RAI.

Паводле яго, «цяпер трэба будзе знайсці механізмы рэалізацыі, прымянення зробленых высноў, магчыма, з дапамогай якой-небудзь міжнароднай арганізацыі, якая дазволіць гэтыя вынікі рэалізаваць».

«Калі гэта спрацуе, а мы шчыра спадзяемся, што так і будзе, мы можам стаць сведкамі рэпатрыяцыі дзяцей. Не ведаю, у якой колькасці, у якіх памерах. Для нас гэта важна, бо такія гуманітарныя жэсты могуць стаць дарогамі і шляхамі да міру», – заявіў іерарх.

Мір ва Украіне павінен быць справядлівым, падкрэсліў ён, патлумачыўшы, што гэта азначае прызнанне ўзаемных правоў, але і ўзаемных абавязкаў, улічваючы, перш за ўсё, годнасць людзей. Паводле яго, Святы Пасад вельмі актыўна імкнецца «забяспечыць вяртанне дзяцей у семʼі, да бацькоў, на зямлю, адкуль яны родам». Паралін дадаў, што падчас візіту ў Маскву «былі дасягнуты некаторыя станоўчыя моманты». Застаецца «рэалізаваць, выкарыстаць, прасунуць гэты шлях наперад».

У сваю чаргу арцыбіскуп Галахер 13 ліпеня палічыў неабходным удакладніць пазіцыю Святога Айца ў дачыненні да вайны ва Украіне. Ён прызнаў, што заявы Папы інтэрпрэтуюцца ўкраінцамі як «акты пустога пацыфізму» і тэатральныя жэсты. Аднак, паводле яго, Святы Пасад не мае намеру «заплюшчваць вочы на сістэматычныя ваенныя злачынствы з боку расійскіх вайскоўцаў і ўладаў і ставіць краіну-агрэсара на адзін узровень з ахвярай».

Тым не менш, на думку Галахера, для дасягнення міру неабходна пайсці насуперак «логікі вайны», якая сёння пераважае ў свеце, насуперак ідэі аб тым, што няма месца для творчага дыялогу і дыпламатыі, і таму трэба змірыцца і прыняць працяг лютых баёў, якія сеюць смерць і разбурэнне. Неабходны невялікія змены поглядаў, якія дазваляюць адкрыць розум і сэрца іншаму, умацаваць давер адзін да аднаго. Рэальную дапамогу ў гэтым сэнсе могуць аказаць гуманітарныя ініцыятывы, такія як абмен ваеннапалоннымі, экспарт збожжа і рэпатрыяцыя дзяцей, якую спрабуе рэалізаваць кардынал Матэа Дзупі.

Украіна 15 ліпеня паведаміла пра вяртанне 383 дэпартаваных дзяцей з Расіі. І хоць гэта адбылося пасля візітаў кардынала Дзупі у Кіеў і Маскву, пакуль цяжка меркаваць, чаго тут больш: высілкаў ватыканскай дыпламатыі ці міжнароднага ціску. Тым больш, што дзяцей РФ вяртала і раней. Напрыклад, у чэрвені былі вернутыя 373 дзіцяці.

Пра далейшыя планы місіі кардынала Дзупі пакуль не паведамляецца. Аднак амерыканскае каталіцкае выданне Crux не выключае, што «бурнае дыпламатычнае турнэ» Дзупі яшчэ не скончылася. Магчыма, наступнай кропкай візіту стане Кітай, бо Ватыкан у сваіх дыпламатычных намаганнях па вырашэнні канфлікту не хоча «нікога выключаць». Але ці прынясе канкрэтны плён гэтая ці іншая паездка, таксама невядома.

Мечыслаў Гапановіч

для друку для друку