“Міністр нябесных фінансаў” і мой добры сябра: айцец Пётр Бялевіч пра святога Юзафа

Як вядома, у Касцёле працягваецца адмысловы Год святога Юзафа. Яго абвясціў Папа Францішак. З гэтай нагоды “Каталіцкі Веснік” паразмаўляў з місіянерам-аблатам Беззаганнай Марыі, айцом Пятром Бялевічам OMI і даведаўся пра значэнне асобы святога Юзафа ў жыцці святара.

 — Айцец Пётр, распавядзіце некалькі слоў пра сябе.

— Я нарадзіўся ў Польшчы ў 1966 годзе. Аднак мае бацькі родам з-пад Ваўкавыска. У сям’і я быў шостым дзіцём. Усіх нас было сямёра. Я прыехаў у Беларусь ужо дзевятнаццаць гадоў таму. Можна сказаць, што вярнуўся служыць на радзіму. Зараз я з’яўляюся адказным за будаўніцтва касцёла ў Мінску, у парафіі св. апосталаў Пятра і Паўла і св. Яўгена дэ Мазэно ў Зялёным Лузе.

— Вы штогод ствараеце хрысціянскія штодзённікі. А як пачыналася праца над гэтым?

— Аднойчы, будучы ў Мінску, мы пайшлі ў посную пілігрымку на хлебе і вадзе ў Будслаў. Я быў духоўным айцом пілігрымкі. Адбылося гэта ў 2010 годзе. Сярод паломнікаў з намі ішла жанчына Марыя. Яе дачка тады вучылася на праграміста. І яна ўвесь час хвалілася сваім дзіцём, расказваючы, якая дзяўчына мудрая, як яна добра разумее ў камп’ютарах. Тады я спытаў, што б яна магла зрабіць для Касцёла. Жанчына адказала: “Шмат чаго можа зрабіць. І намаляваць, і выдаць”. Калі я пачуў, што можна штосьці выдаць, адразу пазнаёміўся з гэтай дзяўчынай Анастасіяй. Я паказаў ёй каталіцкі штодзённік на польскай мове і спытаў, ці атрымаецца стварыць нешта падобнае па-беларуску. Атрымаўшы станоўчы адказ, пачалі працу над першым выданнем. Зараз ужо маем адзінаццаць выданняў штодзённікаў.

— А дзе выдаюцца штодзённікі?

— Сёння я з’яўляюся дырэктарам выдавецтва Пінскай дыяцэзіі, дзе і выдаецца штодзённік.

— Праца над стварэннем штодзённіка не з лёгкіх. Хто дапамагае Вам?

— Цяпер разам са мною працуе верніца Вольга, яна выконвае найбольш працы. Ёсць яшчэ валанцёры Алена, Марыя, Вікторыя. Каманда ў нас невялікая, аднак я лічу, што мы робім вялікія і якасныя рэчы.

— Як і калі ў Вас узнікла ідэя стварыць такі штодзённік, прысвечаны менавіта св. Юзафу?

— У Бога няма нічога выпадковага. Ён усё ведае наперад. Асабіста я і мае супрацоўнікі “сябруем” са святымі. І сярод іх, можна сказаць, на першым месцы святы Юзаф. Для мяне святыя – сябры. І цікавым з’яўляецца тое, што наша праца – і будоўля, і выдавецтва – гэта рэчы, звязаныя з грашыма. А св. Юзаф, як мне калісьці сказаў адзін свецкі мужчына, з’яўляецца “міністрам” нябесных фінансаў. Ён быў галавой сям’і і зарабляў грошы. Таму мы даручаем гэтаму святому свае справы ў пабудове, а таксама іншыя праекты.

Чаму мы зрабілі штодзённік у 2021 годзе менавіта пра св. Юзафа? Будоўля касцёла распачалася 5 снежня 2019 года. І ўявіце сабе, што за тры месяцы пабудавалі падмурак і падвальны паверх нашай святыні. І праца працягвалася далей. Святы Юзаф вельмі дапамагаў. Тады супрацоўніца Вольга падала ідэю стварыць штодзённік, прысвечаны гэтаму святому як знак удзячнасці. У 2020 годзе мы ўжо працавалі над выданнем на будучы год. Штодзённік надрукавалі ў жніўні. І ў верасні наша каманда паехала ў першыя парафіі з распаўсюджваннем.

Тады мы яшчэ не ведалі, што Папа Францішак абвесціць у Касцёле адмысловы Год св. Юзафа.

Зараз я вельмі ганаруся, што мы адзіныя ў свеце на самым пачатку пасля абвяшчэння святога Юзафа асаблівым заступнікам паўсюднага Касцёла ўжо мелі і каляндар, і разважанні.

— Год святога Юзафа будзе працягвацца да 8 снежня сёлета. Ці плануеце выдаваць штосьці яшчэ, акрамя штодзённіка?

— Так. Цяпер мы зрабілі яшчэ адзін праект: 30-цідзённае набажэнства да св. Юзафа. Папа Францішак звярнуў увагу, што гэты святы з’яўляецца апекуном менавіта ў цяжкія часы. І можам таксама сказаць, што гэтае набажэнства для тых, каму цяжка.

Дарэчы, хацелася б запрасіць вас, дарагія чытачы, на мае катэхезы, якія я праводжу на “Радыё Марыя”. Для дзяцей катэхезу пад назвай «Добра, што ты ёсць!» можна пачуць кожны панядзелак аб 11.10. Для сем’яў катэхезу пад назвай “Мужчынам і жанчынай стварыў іх” можна слухаць кожную пятніцу аб 11.10.

Дык вось, у адной такой катэхезе на радыё я расказваў дзецям пра Юзафа Егіпецкага, які зрабіў вялікі запас зярна. Калі ж ва ўсім свеце быў голад, усе казалі: “Ідзіце да Юзафа”. І ён уратаваў жыццё ўсяму выбранаму народу. І зараз Папа таксама гаворыць: “Ідзіце да св. Юзафа. У бядзе, у горы, у няшчасці”… Мне б вельмі хацелася, каб гэтая невялічкая кніжачка з набажэнствам патрапіла ва ўсе парафіі Беларусі.

— Што б Вы параілі чытачам “Каталіцкага Весніка” у Год святога Юзафа?

— Зусім нядаўна Папа Францішак заклікаў вернікаў да больш глыбокага вывучэння літаратурнай спадчыны святой Тэрэзы Авільскай. І цікавы той факт, што гэтая законніца вельмі “сябравала” са св. Юзафам. Яна заснавала шмат кляштараў. І ўсе свае справы аддавала пад яго апеку. Гэта сапраўдны праклад.

Можна сказаць, што я за тое, каб людзі “сябравалі” са святымі. Я сам вельмі “сябрую” са св. Юзафам. І Вас, паважаныя вернікі, я шчыра заклікаю да такога “сяброўства”. Святы Юзаф не здрадзіць ніколі і дапаможа ў кожнай справе.

Гутарыла Ірына Радзевіч

для друку для друку