15 жніўня парафія ў Мёрах адзначыла адпустовую ўрачыстасць у гонар Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Галоўная святая Імша распачалася а 15-ай гадзіне.
З прывітальным словам да вернікаў звярнуўся пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік. Ён прадставіў святароў, якія прыбылі на свята і запрасіў канцлера Віцебскай дыяцэзіі ксяндза Віктара Місевіча ўзначаліць Эўхарыстыю.
Гамілію прамовіў доктар біблійнай тэалогіі пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі ксёндз Сяргей Сурыновіч. Ён спыніўся на гісторыі ўзнікнення ўрачыстасці і тэалагічным сэнсе Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Святар таксама засяродзіў увагу вернікаў на асобе Марыі, якая з’яўляецца прыкладам чысціні і пакоры і, як Каўчэг Запавету, вядзе нас да раю.
Напрыканцы Імшы пробашч парафіі падзякаваў святарам за паслугу ў канфесіянале і ўдзел у Эўхарыстыі. Выказаў словы ўдзячнасці вернікам за падрыхтоўку святыні і тэрыторыі касцёла да ўрачыстасці, удзел у адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту на працягу тыдня. Асаблівыя словы падзякі прагучалі ў адрас дзіцячага і дарослага парафіяльнага хору і іх кіраўніка Яўгеніі Баговіч.
Затым адбылося традыцыйнае бласлаўленне і асвячэнне кветак і пладоў новага ўраджаю. Завяршылася Імша адарацыяй Найсвяцейшага Сакраманту, падчас якой усе разам памаліліся Літанію да Найсвяцейшай Панны Марыі, а потым эўхарыстычнай працэсіяй прайшлі вакол касцёла.
Жанна Закрэўская, kascelmery.by
для друку