12 чэрвеня ў Турыне (Італія) два сабраты з Беларусі Марк Найдзіч SDB і Міхаіл Радзевіч SDB атрымалі дыяканскае пасвячэнне. Падзея адбылася ў базыліцы Марыі Успамогі Хрысціянаў, святыні вельмі важнай для ўсіх салезіянаў, бо пабудаваў яе сам Дон Боска. Акрамя беларусаў дыяканамі таксама сталі два салезіяніна з Нігерыі, адзін з Харватыі, тры з Італіі і адзін з Індыі.
Дыяканскае пасвячэнне ў Каталіцкім Касцёле мае вялікі сэнс. Дыяканы пасвячаюцца праз ускладанне рук, якое было перададзена Апосталамі, каб дзякуючы сакрамэнтальнай ласцы дзейсна спаўняць сваё служэнне.
Урачыстую цэлебрацыю ўзначаліў дапаможны біскуп Турына Гуідо Фіандіно. У сваёй гаміліі біскуп звярнуў увагу новых дыяканаў Каталіцкага Касцёла на неабходнасць быць пакорнымі і «маленькімі» каб Езус, які знаходзіцца ў іх, быў Вялікім. Таксама біскуп раскрыў аспект служэння падчас літургіі і прапаведвання. Асаблівым чынам звярнуў увагу на служэнне бедным і пакінутым, каб маладыя сабраты маглі стаць жывым знакам Божай любові, якая належыць усім.
Усе жадаючыя мелі магчымасць удзельнічаць у дыяканскіх пасвячэннях сабратоў у анлайн-трансляцыі. Асобна прагляды былі арганізаваны ў араторыях, каб моладзь, якая добра ведае Марка і Міхаіла мела магчымасць разам з імі перажываць гэты значны момант.
Марк і Міхаіл паходзяць з салезіянскай парафіі святога Міхала Арханёла ў Смаргоні. У хуткім часе маладыя дыяканы прыедуць у Беларусь, каб праходзіць тут у салезіянскіх парафіях летнюю практыку.
для друку