Прыметнік са значэннем “які мае адносіны да моладзі” з’яўляецца ў беларускай мове высокачастотным. Гэта значыць, што ён рэгулярна выкарыстоўваецца і ў вусным маўленні, і ў перыядычным друку, і ў мастацкай літаратуры, бо характарызуе сацыяльна значнае паняцце. І тут паўстае пытанне: як жа павінна быць па-беларуску – “маладзёжны” ці “моладзевы”? Бо абодва варыянты сёння выкарыстоўваюцца ў нашай мове.
Форма “маладзёжны” для беларускай мовы штучная, узятая з рускага лексікону. У наса няма суфікса –ёжн-, пры дапамозе каторага магло быць утворанае дадзенае слова ад назоўніка “моладзь”. “Беларуская граматыка” (Ч.1. Фаналогія. Арфаэпія. Марфалогія. Словаўтварэнне. Націск. – Мінск, 1985. – с. 300) рэкамендуе ў падобных выпадках словаўтваральную мадэль “аснова назоўніка плюс суфікс –ев- (-ёв-). Параўнаем: кісць – кісцевы, лісце – лісцевы, жоўць – жоўцевы і г.д. Таму названая словаўтваральная мадэль надзвычай прадуктыўная ў сучаснай мове.
Ацэньваючы мэтазгоднасць выкарыстання той ці іншай лексемы, неабходна ведаць пра яе своеасаблівы статус у сучасных сродках масавай інфармацыі. То бок, наколькі часта слова адзначаецца ў друкаваных і электронных медыях. Дык вось прыметнік “моладзевы” імкліва выцясняе калькаваны з рускай мовы варыянт “маладзёжны” і сёння па сутнасці з’яўляецца асноўным. Прывядзём колькі прыкладаў: Моладзевая каманда – у фінале чэмпіянату Еўропы (Загаловак, “Звязда”, 14.10.10); Моладзевая сацыяльная служба (Падзагаловак, “Чырвоная змена”,13.10.10); Моладзевы друк сёння – сур’ёзны інструмент для фарміравання ў моладзевым асяроддзі і каштоўнасцяў, і поглядаў (Загаловак, “Чырвоная змена”, 21.04.11); Гомельскі гарадскі моладзевы тэатр… (“Віцебскі праспект”, 15.09.11); Шэсць кароткаметражных фільмаў знялі выпускнікі Моладзевай кінашколы, што завяршыла сваю працу летам (“Новы час”, 28.09.12); Моладзевы оперны форум у асобах (Загаловак, “Звязда”, 26.05.12). Як бачым, розныя выданні актыўна выкарыстоўваюць правільны беларускі прыметнік.
Таксама заўважым, што акадэмічны “Слоўнік беларускай мовы” (Мінск, 2012) фіксуе лексему “моладзевы” (с. 402), што фактычна падкрэслівае яе афіцыйны статус у сучаснай беларускай літаратурнай мове. Таму неабходна і ў пісьмовым, і ў вусным маўленні выкарыстоўваць прыметнік “моладзевы” і пазбягаць ужывання неўласцівага для нашай мовы слова “маладзёжны”.
Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук
