Маці Божая Шкаплерная і скаўты. Адпустовую ўрачыстасць адзначылі ў Ідолце

16 ліпеня ва ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі з Гары Кармэль, якую традыцыйна называюць таксама Маці Божай Шкаплернай, у Ідолце адбылася парафіяльная ўрачыстасць.

Адпустовую святую Імшу а 15-ай гадзіне ўзначаліў вікарый парафіі св. Андрэя Баболі ў Полацку ксёндз Алег Хмылко.

Парафіяльнае свята сабрала вялікую колькасць вернікаў не толькі з навакольных вёсак але і з розных куточкаў Беларусі і замежжа. Ганаровымі гасцямі ўрачыстасці сталі чальцы Полацкай скаўцкай дружыны імя Андрэя Баболі, якія ў гэтыя дні праходзяць фармацыю ў летніку пры Ідолцкай парафіі.

Распачалося свята ўрачыстым ўваходам літургічнай службы ў святыню. У прывітальным слове пробашч парафіі ксёндз Вячаслаў Адамовіч адзначыў: «Мы сабраліся на ўрачыстасць у гонар Маці Божай Шкаплернай, каб прасіць Яе апекі і падтрымкі, каб Яна атуляла і берагла нас на жыццёвым шляху. Мы хочам маліцца таксама за нашых родных і блізкіх, за нашу Бацькаўшчыну…»

Падчас гаміліі ксёндз Алег Хмылко ўзгадаў гісторыю і значэнне шкаплера. Святар адзначыў, што толькі пабожнае нашэнне рэлігійных рэчаў: крыжыка, медаліка або шкаплера — можа мець плён для навяртання і духоўнага ўзрастання чалавека. Шкаплер — гэта адзін з сакрамэнталіяў Касцёла. Праз яго Марыя дала нам асаблівую дапамогу, вельмі патрэбную на штодзённым шляху да вечнага жыцця. Ён з’яўляецца знакам апекі і заступніцтва нашай Каралевы. Папа Ян Павел ІІ між іншым сказаў: “У шкаплернай духоўнасці ёсць вельмі моцны і глыбока ўкаранёны хрыстацэнтрычны і Марыйны парастак: ісці за Хрыстом, наследуючы Марыю! Гэтая духоўнасць мае свой бачны знак – шкаплер, які я нашу ўжо даўно. Я застаўся верным шкаплеру, ён з’яўляецца маёй сілай.»

Напрыканцы Літургіі прайшла ўрачыстая цырымонія прысваення чарговага сімвала скаўта аднаму з яе ўдзельнікаў. Ксёндз Алег Хмылко асвяціў адмысловы сімвал-крыж, які скаўт-вандроўнік будзе насіць на сваім галаўным уборы.

Пасля Імшы адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту і Эўхарыстычная працэсія вакол касцёла.

Завяршылася ўрачыстасць спевам гімна Te Deum і бласлаўленнем Найсвяцейшым Сакрамантам.

Жанна Закрэўская, kascelmery.by

для друку для друку