Лёс чалавека. Айцец Казімір Жыліс SJ

Біяграфічны дакументальны фільм пра літоўскага святара з ордэна езуітаў, які памёр 15 лютага 2021 года.

Айцец Казімір Жыліс нарадзіўся 4 сакавіка 1945 г. у вёсцы Лігінішкіс у Літве. У 1963 г. скончыў сярэднюю школу, працягваў адукацыю ў Вільні ў галіне грамадзянскага будаўніцтва.

У 1965 годзе быў прызваны ў Савецкую армію, праходзіў службу ў вайсковай частцы ў Навасібірску. У 1968 г. пачаў працаваць кранаўшчыком у Каўнасе.

Праз год распачаў фармацыю ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Каўнасе, у навіцыят Таварыства Езуса ўступіў 15 ліпеня 1972 года, калі езуіты ў Літве яшчэ не дзейнічалі адкрыта.

Першыя манаскія абяцанні прынёс 12 снежня 1972 года, прэзбітэрскае пасвячэнне яму ўдзяліў 17 красавіка 1973 г. біскуп Юзаф Лабунас. Служыў у 70-я гады ў розных літоўскіх парафіях.

У 1978 г. быў накіраваны ў Вінніцу (Украіна), тры гады быў там пробашчам парафіі. У 1981 г. вярнуўся ў Літву, у 1983 г. стаў пробашчам у Індуры на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі, дзе працаваў да 2000 г. У 1992 г. арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч накіраваў яго ў Далас (ЗША) на вучобу для працы на тэлебачанні.

4 сакавіка 2002 г. айцец Жыліс прынёс чатыры ўрачыстыя абяцанні ў сваім ордэне ў гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя.

Да 2016 г. служыў у гродзенскай катэдры вікарыем, развіваў душпастырства цвярозасці. Кіраваў тэлестудыяй Гродзенскай дыяцэзіі, быў душпастырам літоўцаў у Гродне, наведваў гродзенскую турму і папраўчыя калоніі.

У 2016 г. паехаў у Польшчу, каб прайсці лячэнне і дапамагаць у парафіяльнай працы пры санктуарыі св. Андрэя Баболі ў Варшаве. Адначасова ажыццяўляў душпастырскую апеку над літоўцамі ў Варшаве. З ліпеня 2020 г. належаў да Велькапольска-Мазавецкай правінцыі Таварыства Езуса.

Размаўляў на літоўскай, рускай, польскай, украінскай, беларускай і англійскай мовах; граў на аргане, фартэпіяна, акардэоне.

У памяці многіх вернікаў застаўся чалавекам-легендай, які змагаўся з атэізмам, не вагаўся называць грэх грахом, быў прапаведнікам праўды, аўтарытэтам для вязняў, нястомным спаведніком, якога заўсёды можна было сустрэць у канфесіянале.

Адышоў да Пана 15 лютага ў Варшаве на 48-м годзе манаскага жыцця і 47-м святарства.

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі