Тысячы турыстаў прыязджаюць у старажытны Нясвіж – рэзідэнцыю вядомага роду Радзівілаў, каб паглядзець на шматлікія помнікі мінуўшчыны. А я, даведаўшыся пра цікавае захапленне ксяндза Пятра Шарко, пробашча касцёла Божага Цела, вырашыла наведаць горад, каб пабачыць гадавальнік “Скарб Сэрца”, у якім святар займаецца развядзеннем сабак-лабрадораў.
Маршрутка прыпыняецца каля самай старажытнай з ратуш, што захаваліся ў Беларусі. Выходжу і накіроўваюся ў бок касцёла.
Святар і вернікі
У святыні шмат людзей. Аб 11-ай распачынаецца Імша на польскай мове, якую праводзіць вікарый кс. Ігар Мутрук. Пасля малітвы ксёндз-пробашч агучвае аб’явы. Ён заахвочвае ўсіх парафіян прыйсці ў касцёл на канцэрт духоўнай вакальнай музыкі эпохі Барока. Шчаслівыя вернікі, думаецца мне. Не ў кожнай парафіі ладзяцца такія выступленні.
Дзеці і моладзь асабліва любяць ксяндза-пробашча Пятра. Гляджу, як святар падыходзіць да маленькага хлопчыка, пытаецца, як справы, размаўляе з ім. Дзіця расплываецца ва ўсмешцы.
Парафіянка Вікторыя з захапленнем распавядае мне: “Наш кс. Пётр вельмі добры. Моладзь яго любіць. Ён заўсёды арганізоўвае для нас шмат падарожжаў. Асабліва прыпамінаецца нядаўняя паездка ў гудагайскі санктуарый. Па дарозе заязджалі таксама ў розныя парафіі. Зараз наш ксёндз зрабіў плябанію, дзе мы разам з моладдзю збіраемся на катэхезы, гарбату, на прагляд фільмаў.
Тытулаваныя выхаванцы святара
Пасля Імшы выходзім з ксяндзом Пятром з касцёла і ідзём паглядзець на незвычайнае святарскае захапленне. Адчыняюцца вароты гадавальніка “Скарб сэрца” і нас сустракае шэсць маленькіх, двухмесячных шчанюкоў-лабрадораў. Святар распавядае пра сваіх улюбёнцаў: “Аднаго з гэтых шчанят ужо замовілі. Ён паедзе ў Італію. А іншага забралі ў Амерыку. Яго падрыхтавалі па спецыяльнай праграме і зараз ён апякуецца дзіцём-аўтыстам. Ёсць відэа, дзе бачна, што сабака прыпыняе гэтае дзіця, каб яно не выбегла на дарогу. А ў Маскве таксама працуе з невідушчымі наш гадаванец”.
Ксёндз Пётр займаецца сабакамі не толькі дзеля развядзення, але кожны раз імкнецца палепшыць іх пароду, характар і многае іншае. Ад прапановы выпусціць сабак яшчэ большых мне стала крыху страшна. Аднак пасля таго, як яны выбеглі і адразу пачалі гуляць са мною, страх знік.
Кс. Пётр расказвае, што вялізнага Вікінга цяпер хочуць узяць у адзін польскі знакаміты гадавальнік ў арэнду, каб палепшыць пароду. Вікінг ужо мае тытул “Чэмпіён Беларусі”. Ёсць тут і ўнучка трохразовага чэмпіёна свету Вара. Сярод вялікіх лабрадораў бегаў таксама маленечкі сабачка пароды бівер-ёркшырскі тэр’ер, а таксама джэк расэл-тэр’ер. Апошні сабачка вельмі любіць дзяцей. Святар гаворыць: “Мы думалі, якога сабаку яшчэ можна завесці… Я даведаўся, што стваральнікам пароды джэк расэл-тэр’ер лічыцца святар Джэк Расэл, па імені якога ён атрымаў сваю назву. Так сабака і трапіў у рукі да ксяндза. Дарэчы, аднаго сабачку гэтай пароды – Анфiсу – можам аддаць у добрыя рукі. І калі хто зацікавіцца, можна напісаць мне на электронны адрас: sharkop@mail.ru”.
Ад хобі да прафесійнай дзейнасці
– Калі пачалося захапленне сабакамі? – пытаюся ў святара.
– Калі мяне прызначылі на працу ў Шэметава Мядзельскага раёна, я зацікавіўся сабакамі. Касцёл стаіць на водшыбе, найбліжэйшая вёска – на адлегласці 1,5 км. Было жудасна аднаму. Тады мой сябар прапанаваў падарыць на дзень нараджэння сабаку. Гэта быў цудоўны шчанюк лабрадора. З яго ўсё і пачалося. На жаль, ён загінуў. Адразу я набыў другога шчанюка, таксама пароды лабрадор. Зараз гэтай старэнькай Дусі, якая ў нас жыве, 14-ы год. Аднойчы ў яе была невялікая праблема з вушамі. Я паехаў у Маладзечна да дырэктара кіналагічнага клуба. Тады нас запрасілі на выставы. Далей – знаёмствы з іншымі гадавальнікамі. Так хобі стала больш сур’ёзнай і прафесійнай дзейнасцю. Цяпер некаторыя кінолагі пытаюцца пра парады, з замежнікамі перапісваемся, сябруем з “лабрадарыстамі” з розных краін.
Для таго, каб займацца душпастырскай дзейнасцю і развядзеннем сабак, вядома, патрэбна шмат часу. Таму ў справе кіналогіі святару вельмі дапамагае Надзея Іванаўна, ёй і належыць гэты гадавальнік.
Заходжу са святаром у дом. Пакой перапоўнены ўзнагародамі розных гадоў: медалямі, кубкамі, дыпломамі. З вялікай радасцю ксёндз Пётр расказвае і паказвае кожную з іх.
Пасля цікавых размоў і вясёлых гульняў з сабакамі прыходзіць час развітвацца. Гасцінны святар запрашае наведаць “Скарб сэрца” яшчэ раз, а я жадаю яму плённай працы і дасягнення поспехаў у развядзенні моцных, прыгожых і здаровых сабак.
Ірына Грэйць
