У парафіі Спаслання Духа Святога ў Мікалаеве Лепельскага дэканата 20 мая адбыўся адпустовы фэст.
Яшчэ задоўга да пачатку святой Імшы на вясковых могілках і каля капліцы, што размешчана побач, сталі збірацца людзі. Уся навакольная тэрыторыя была застаўленая аўтамабілямі, прычым не толькі з беларускімі, але і з расійскімі нумарамі.
Трэба адзначыць, што па нядзелях Імшы адбываюцца ў суседніх Уле і Кардоне, і вернікі з Мікалаева ў гэты дзень моляцца там. Але раз на год, ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога, усе збіраюцца на фэст каля капліцы ў Мікалаеве. У гэты дзень няма Імшы ў Кардоне і Уле, бо вернікі едуць на супольнае свята ў Мікалаева. Таксама сюды прыязджаюць шматлікія госці з розных гарадоў Беларусі і Расіі. Праўда, гасцямі іх назваць можна толькі ўмоўна, бо гэта ўсе нараджэнцы Мікалаева і навакольных вёсак, якія ў свой час выехалі адсюль, а цяпер раз на год прыязджаюць, каб наведаць магілы сваякоў і разам з землякамі адзначыць свята.
На пачатку святой Імшы ксёндз Аляксандр прывітаў вернікаў і адзначыў, што мы сёння тут, у Мікалаеве, адзначаем свята Спаслання Духа Святога, якое шануецца ва ўсім свеце. “І вельмі добра, – адзначыў святар, – што тут, на ўсходзе нашай краіны, на тэрыторыях, якія найбольш пацярпелі ад ваяўнічага атэізму, мы таксама ўшаноўваем гэту вялікую падзею”.
Потым пробашч зачытаў імёны ўсіх памерлых сваякоў, за душы якіх вернікі хацелі памаліцца ў гэты дзень.
У сваім слове да прысутных ксёндз Аляксандр узгадаў падзеі, якія здарыліся на пяцідзясяты дзень пасля Уваскрасення Езуса Хрыста два тысячагоддзі таму, і распавёў пра іх важнасць для сучаснага чалавека.
Святар прыгадаў выпадак са свайго жыцця, калі ён разам з іншымі святарамі паехаў у пілігрымку ў Рым. Каб знайсці месца, дзе яны павінны былі начаваць, ён захаваў адрас у навігатар на сваім смартфоне. Электронная прылада дапамагла дабрацца да месца. Там была капліца, і калі ксёндз Аляксандр укленчыў перад алтаром, каб узнесці хвалу Богу, навігатар прамовіў: “Вы прыбылі да вызначанай мэты”.
– Нам па жыцці таксама патрэбны такі навігатар, – сказаў святар, – і хай такім навігатарам будзе Дух Святы, Які вядзе нас да збаўлення. Вось гэтага ўсім вам жадаю.
На заканчэнне ўрачыстасці ксёндз Аляксандр падзякаваў усім вернікам, якія сабраліся на свята, моладзеваму хору з Шуміліна, каторы на запрашэнне святара прыехаў у Мікалаева і сваім спевам і музыкай упрыгожыў Літургію. Асобная падзяка была скіравана спадарыні Фаіне Бізуновай, якая шмат дапамагае святару ў арганізацыі жыцця каталіцкай супольнасці ў Мікалаеве. Пробашч назваў яе сваёй правай рукой.
А напрыканцы святар запрасіў усіх вернікаў на фэст у гонар Святой Тройцы, які адбудзецца ў Уле ў нядзелю, 27 мая, а таксама на Імшу памяці ахвяраў “Дарогі смерці”, што пройдзе 26 чэрвеня.
Зміцер Лупач, тэкст і фота
Леанід Юрык, відэа
