Ксяндза Віцебскай дыяцэзіі, пробашча Лынтупскай парафіі кс. Аляксандра Барана, суд у Паставах 4 красавіка прысудзіў да 10 сутак пазбаўлення волі.
Святара затрымалі 25 сакавіка. Адразу склалі пратакол за «незаконнае пікетаванне» па арт. 24.23 КаАП. Нагодай стала тое, што ў фота на профілі ў сацсетцы ксёндз Аляксандр размясціў сцяг Украіны і бел-чырвона-белы сцяг 24 лютага — у дзень пачатку вайны Расіі супраць Украіны. У выніку ў ізалятары ён правёў шэсць дзён.
Пасля абвяшчэння рашэння 4 красавіка святару далі гадзіну на тое, каб самому прыйсці для адбывання пакарання. На свабоду ён павінен быў выйсці 8 красавіка, напярэдадні Пальмовай нядзелі. Але як стала вядома Курыі Віцебскай дыяцэзіі, кс. Аляксандра 6 красавіка вызвалілі з вязніцы. Аб гэтым паведаміў пробашч Пастаўскай парафіі кс. Вадзім Прасяной SCJ.
Вялікі дзякуй усім хто малітоўна падтрымліваў кс. Аляксандра Барана.
