Сястра Марыя Серафіна Мацулевіч з Віцебскай парафіі Езуса Міласэрнага расказала “Каталіцкаму Весніку” пра сваю працу ў сацыяльнай службе ў якасці сядзелкі.
– Сястра, раскажыце крыху пра сябе. Адкуль Вы родам?
– Родам я з Браслаўшчыны – мясціны Божага Провіду і Маці Божай Валадаркі азёраў. Божага Провіду таму, што ў гербе горада знаходзіцца вока Божага Провіду. Божы Провід са мной з дзяцінства і па сённяшні дзень. Наш заснавальнік кангрэгацыі сясцёр-служабнічак Найсвяцейшай Панны Марыі Беззаганнай Эдмунд Баяноўскі наказваў, каб у кожным месцы, дзе працуюць манахіні, таксама было змешчана вока Божага Провіду.
– Як Вы апынуліся ў кляштары?
– У кляштары я апынулася дзякуючы майму дзядулю. Калі ён быў яшчэ малы і хадзіў у школу, хацеў стаць святаром, ужо нават быў запісаны ў Друйскую семінарыю. Але пазней здарыўся няшчасны выпадак: ён трапіў пад цягнік і стаў інвалідам. Праз свой стан ён ужо не мог стаць святаром. Некаторыя яго раны не загаіліся аж да смерці, пазней утварылася гангрэна і ён памёр. Ён заўсёды расказваў нам пра Бога, вучыў маліцца, чытаў Біблію.
Калі нарадзілася мая мама, дзядуля пытаўся ў яе, ці хоча яна пайсці ў кляштар. Яна ж адказала “не”. Я памятаю, што ўсё сваё жыццё ён маліўся аб пакліканні з нашай сям’і. Думаю, што яго малітва прынесла свой плён і Бог яго выслухаў. Падчас навучання ў Віцебску я пазнаёмілася з сёстрамі-служабнічкамі і неўзабаве пайшла ў кляштар.
– Ці звязана нейкім чынам Ваша праца сядзелкі з харызматам Вашага ордэна?
– Так, безумоўна. Калі наш заснавальнік Эдмунд Баяноўскі ствараў наш ордэн, ён бачыў шмат дзяцей, якія або не маюць бацькоў, або не маюць дастатковай апекі. Бачыў таксама шмат старэйшых хворых, якім няма каму дапамагчы. У 1850 годзе быў створаны наш ордэн. У той час сацыяльная сфера не была так развітая, як сёння. Таму ён засноўваў невялікія супольнасці з трох дзяўчат. Адна павінна была займацца дзецьмі, другая наведваць хворых, а трэцяя працавала на полі, каб супольнасць магла функцыянаваць. Штотыдзень абавязкі кожнай змяняліся па чарзе.
Наш заснавальнік думаў таксама пра будучыню. У тыя часы большасць ордэнаў былі закрытыя. Яны ўтрымліваліся толькі з пэўных ахвяраванняў дабрадзеяў. Эдмунд Бяноўскі жа думаў, каб супольнасць была незалежнай у фінансавым плане. Сёння ў нашым кляштары жывуць тры сястры, якія самастойна ўтрымліваюць сябе. Нашы сёстры займаюцца з дзецьмі, праводзячы катэхезу, працуюць з хворымі і дапамагаюць ім.
– А з кім Вы зараз працуеце?
– Я таксама праводжу катэхезы для дзяцей пры парафіі. Калі ж казаць пра працу сядзелкі, то цяпер я апякуюся 86-гадовай жанчынай, якая пасля шпіталю перастала хадзіць. Зараз можа хіба толькі сесці сама. У яе пакуль няма першай групы інваліднасці, але яна зусім не бачыць, патрабуе поўнай апекі. Яе дзеці не могуць цалкам ёй дапамагчы таму, што ходзяць на працу. Мая апека палягае на тым, каб чалавек быў дагледжаны і меў годныя ўмовы.
– Ці быў нейкі вопыт у гэтай сферы да таго, як Вы сталі сядзелкай?
– Мая мама працуе на Браслаўшчыне сацыяльным работнікам. Калі я хадзіла ў школу, то дапамагала ёй і мела магчымасць больш блізка пазнаёміцца з гэтай працай і яе спецыфікай. Калі наш дзядуля хварэў, ён меў першую групу інваліднасці, мы таксама яму дапамагалі. У кляштары я апекавалася старэйшымі сёстрамі. Мяне заўсёды выхоўвалі так, каб сапраўды бачыць патрэбы чалавека. Дарэчы, мой брат таксама працуе сацыяльным работнікам, таму гэта ў нас сямейнае.
– Як у сваёй працы Вы сведчыце пра Бога?
– На працу я хаджу ў манаскім адзенні. Таму тыя, да каго я прыходжу, бачаць, кім я з’яўляюся, задаюць пэўныя пытанні. Некаторыя людзі больш давяраюць і адкрываюцца мне як манахіні, распавядаюць пра сваё духоўнае жыццё, пра нешта асабістае. Мы размаўляем пра Бога. Калі я абяцаю людзям, што памалюся за іх, некаторыя пачынаюць плакаць. Бо, можа, яны не зусім блізкія да Бога, але, калі чуюць, што хтосьці за іх памоліцца, то гэта іх вельмі кранае.
Часам са сваякамі ўдаецца пагаварыць пра сакрамант намашчэння хворых. Большасць людзей, да якіх я прыходзіла, праваслаўнага веравызнання. Нядаўна мы віншавалі адно аднаго са святам Вялікадня. І гэта вельмі радуе!
– Што найбольш дапамагае Вам у працы?
– У нашым ордэне мы стараемся наследаваць Езуса Хрыста, які сапраўды служыў людзям, а таксама Маці Божую – Служабніцу Пана. Па іх прыкладзе мы імкнёмся служыць тым асобам, з якімі спатыкаемся і працуем. Кожны чалавек – гэта святыня Духа Святога. Кожная асоба патрабуе павагі. Мы заўсёды памятаем пра гэта. Таксама вельмі дапамагае малітва, якая штодня пераплятаецца з той працай, каторую мы робім.
Падрыхтавала Ірына Радзевіч
для друку