Копіі цудадзейных абразоў Маці Божай прыбылі з перэгрынацыяй у Чашнікі

15 ліпеня спісы пілігрымуючых Марыйных абразоў сустрэлі вернікі Чашніцкай парафіі Перамянення Пана, паведамляе chyrvony.by.

Прыбылі абразы ў Чашнікі (Віцебская дыяцэзія, Лепельскі дэканат) з Мінскага грэка-каталіцкага храма душпастырскага цэнтра святога Праведнага Язэпа, дзе гэтым днём там адбылося абвяшчэнне Апостальскай адміністратуры для грэка-католікаў у Беларусі. А двумя тыднямі раней славутыя вобразы Багародзіцы найбольш шанаваныя на нашай зямлі вярнуліся з Рыма, дзе падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане іх благаславіў Папа Францішак.

Суботнім вечарам разам з вернікамі парафіі да ўрачыстай сустрэчы Божай Маці далучыліся супрацоўнікі Чашніцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, пасля чаго яны таксама прынялі ўдзел у набажэнстве.

Ксёндз Мікалай Ліпскі, які апякуецца тутэйшымі вернікамі, зазначыў, што наведванне Маці Божай у цудоўных абразах, якія праслаўляюцца па ўсёй нашай краіне хрысціянамі розных канфесій – з’яўляецца важнай духоўнай падзеяй у жыцці парафіі і горада. «Сёння яны прыбываюць да нас, каб мы таксама маглі ўшанаваць кожны цудадзейны вобраз Найсвяцейшай Панны Марыі. Прасіць Яе заступніцтва перад Богам, бо мы праз Марыю ў гэтых іконах yшаноўваем Бога», – зазначыў святар.

Ведаем, што заўсёды, калі якая трывога ці радасць ідзём да матулі, ідзем каб прасіць яе заступніцтва, дапамогі, маці заўсёды выслухае і дапаможа. «І сёння мы прыходзім да нашай Нябеснай Маці, бо жадаем зазірнуць Ёй у вочы, сустрэцца з Яе святым поглядам».

Ушанаваць Найсвяцейшую Панну Марыю ў Чашніцкім касцёле Перамянення Панна ў шматлікіх цудадзейных выявах можна на працягу наступнага тыдня. Штодня ў касцёле быдуць адбывацца святыя Імшы, а ў пятніцу, 21 ліпеня, а 17 гадзіне адбудзецца развітальная Імша падзякі, пасля чаго спісы Марыйных абразоў накіруюцца ў Новалукомль, дзе ў 18.30 вернікі іх сустрэнуць у касцёле святой Марыі Магдалены.

На наступны дзень (22 ліпеня) там адбудзецца фэст у гонар св. Марыі Магдалены, а таксама святкаванне 25-годдзя Новалукомльскай парафіі. Пробашч Мікалай Ліпскі і парафіяне запрашаюць вернікаў і гасцей на гэтую адпустовую ўрачыстасць.

Віктар Ведзень, фота

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі