15 мая Каталіцкі Касцёл святкуе Пяцідзесятніцу, або Спасланне Святога Духа — адно з галоўных хрысціянскіх святаў. Пяцідзесятніца завяршае Велікодны перыяд.
— Гасподзь не пакідае нас адных і пасылае Святога Духа. Ён хоча, каб мы не былі ў стане трывогі, страху. Ён умацоўвае нас, як мацаваў апосталаў: Ён не мог пабудаваць свой Касцёл толькі на іх, таму што яны, як і ўсе мы, людзі вельмі слабыя. Таму пасылае Святога Духа і з Яго дапамогай нараджаецца Царква. І ў выніку сёння хрысціянства — самая масавая рэлігія свету. Больш за ўсё людзей у свеце вераць у тое, што Хрыстос памёр за нашыя грахі і ўваскрос дзеля таго, каб мы мелі жыццё вечнае, — падкрэслівае гомельскі святар.
— І мы з дапамогай Святога Духа кажам, што Хрыстос — наш Бог. Але важна, каб мы не казалі гэта толькі самім сабе. Святы Дух робіць кожнага з нас місіянерам. Але неабавязкова ехаць прапаведаваць у Афрыку або Азію, можна быць місіянерам ў сваёй сям’і, там, дзе ты жывеш.
— Пяцідзесятніца — гэта не адзін дзень у годзе. Ад таго моманту, калі Гасподзь паслаў Святога Духа апосталам, Пяцідзесятніца доўжыцца да гэтага часу, кожны дзень. Таму ўсім нам важна прасіць аб Духу Святым кожны дзень — жыццё таго, хто атрымлівае Яго, цалкам змяняецца, — заклікаў святар.
Пяцідзесятніца мае сваю назву ад 50-га дня пасля Вялікадня, калі на апосталаў сышоў Святы Дух у выглядзе вогненных языкоў. Пасля гэтага яны пачалі гаварыць на розных мовах і неўзабаве разышліся па ўсіх баках свету, каб абвяшчаць Евангелле народам на іх родных мовах.
Свята Пяцідзесятніцы злучае радасць, весялосць і глыбокі малітоўны настрой.
У наступную нядзелю, 22 мая, католікі адзначаць Дзень Найсвяцейшай Тройцы.
