Катэдра ў Сант’яга-дэ-Кампастэла стала лягчэйшай на 750 тон

У выніку мадэрнізацыі, якая вялася ў катэдры святога Якуба ў Сант’яга-дэ-Кампастэла, атрымалася зменшыць вагу святыні на 750 тон.

Як паведаміла Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, плошча праведзеных работ склала каля 2,5 тыс квадратных метраў. Улады рэгіёна Галісія, што на паўночным захадзе Іспаніі, дзе знаходзіцца гэтае надзвычай папулярнае сярод пілігымаў месца культу, інфармуюць, што за мінулае дзесяцігоддзе ўдалося зменшыць вагу будынку між іншым дзякуючы дэмантажу цяжкіх элементаў даху, прызначаных для водаадводу. Было зазначана, што пасля мадэрнізацыі дах катэдры ў Сант’яга-дэ-Кампастэла адводзіць 5 млн літраў вады на працягу года.

Галісійскія ўлады пры гэтым заўважылі, што дзякуючы паступоваму аслабленню каранцінных абмежаванняў ў катэдру святога Якуба прыходзіць штораз больш пілігрымаў.

Хоць з мая ў Ісапніі было адменена надзвычайнае становішча ў сувязі з эпідэмічнай пагрозай, аднак працягвалі дзейнічаць пэўныя рэгіянальныя абмежаванні, якія, між іншым, ускладнялі вандраванне пілігрымаў па шляхах, якія вядуць у Сант’яга з Францыі і Патругаліі.

З пададзеных лічбаў вынікае, што з аслабленнем санітарных абмежаванняў больш чым удвая вырасла колькасць пілігрымаў, якія прыбываюць у Сант’яга-Дэ-Кампастэла.

Catholic.by

для друку для друку