19 лютага святары, кансэкраваныя асобы і вернікі сабраліся ў Росіцы, каб ушанаваць памяць бласлаўленых мучанікаў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча.
Росіца – асаблівае месца беларускай зямлі. Месца, дзе амаль 80 год таму, падчас карнай аперацыі “Зімовае чараўніцтва”, загінула шмат бязвінных людзей. Шмат нашых суайчыннікаў згарэла тут зажыва ў страшным агні, прыняўшы пакутніцкую смерць. І сярод іх былі тыя, хто мог пазбегнуць страшнай смерці, мог зберагчы сваё жыццё – айцы марыяне Юры і Антоні. Але яны пажадалі застацца разам з даручанай ім паствай, каб падрыхтаваць іх да сустрэчы з Панам. Верныя Хрысту, свайму пакліканню і словам Евангелля, блаславеныя засталіся з людзьмі да канца, да пакутніцкай страшнай смерці ў агні.
Таму сёння прыбываюць у Росіцу пілігрымы. Таму сёння ўзносіцца малітва праз заступніцтва бласлаўлёных Юрыя і Антонія. І малітва гэтая прасякнутая падзякай Пану за тое, што ў такі няпросты час чувае ад намі, вучыць нас мужнасці і сапраўднаму ахвярнаму служэнню.
Нягледзячы на неспрыяльнае надвор’е, пандэмію, далёкую адлегласць, у Росіцу прыехалі пілігрымы з розных куточкаў Беларусі: Мінска і Глыбокага, Полацка і Жодзіна, Оршы, Верхнядзвінска і інш. Здавалася, што ўсе гэтыя невыгоды яшчэ больш узмацнялі людзей, падкрэслівалі неабходнасць бясконцага даверу да Творцы, і клопату перш за ўсё пра сваю душу.
Менавіта над загартаваннем душы засяродзіўся біскуп Алег Буткевіч падчас гаміліі.
“Людзі нашай зямлі, праяўляючы духоўны гераізм, ратавалі чалавека. І гаворка ідзе не толькі пра жыццё тут, на зямлі. Святары ратавалі людскія душы, каб стаўшы перад Панам, яны маглі атрымаць жыццё вечнае.
Чалавек, які будуе жыццё без Бога, зруйнуе яго. Больш таго, чалавек, будуючы жыццё без Бога, з часам пачынае руйнаваць жыццё другога чалавека.
Якая карысць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь свет, а сваю душу загубіць? (пар. Мц 16, 25). Гераізм і прыклад бласлаўлёных мучанікаў менавіта ў тым, што яны засталіся, засталіся, каб людзі, што апынуліся ў касцёле, перажыўшы страшную трагедыю, мелі магчымасць паяднацца з Богам.
Сярод клопатаў штодзённасці, на якім месцы стаіць нашая душа? Ці памятаем мы, што яна ўвогуле ў нас ёсць, што яна патрабуе клопату пра сябе? Ці памятаем мы, што нашая душа патрабуе ежы? Чым кормім мы нашую душу сёння?” — над гэтымі пытаннямі запрасіў паразважаць біскуп Алег.
Пасля Імшы прысутныя накіраваліся на месца мучаніцкай смерці бласлаўлёных айцоў марыянаў. Разам са святарамі Юрыем і Антоніем у Росіцы ў агні загінулі больш за паўтары тысячы чалавек.
Спяваючы Літанію да ўсіх святых, пілігрымы і духавенства давяралі свае малітвы нашаму Пану. На пляцы, пасля кароткай прамовы і малітвы, вернікі ўшанавалі крыж і паставілі знічы на ўспамін аб загінулых тут людзях.
Вікторыя Філіпенка, тэкст
Марына Сінкевіч, фота