Папа Францішак прызначыў айца Аляксандра Язлавецкага дапаможным біскупам Кіева-Жытомірскай дыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ва Украіне, інфармуе credo.pro. Пра гэта паведамілі ў Ватыкане 18 верасня.
Як вядома, ардынарыем Кіева-Жытомірскай дыяцэзіі з’яўляецца Віталь Крывіцкі, які пасля прызначэння і пасвячэння папрасіў Святога Айца аб дапаможным біскупе.
Гэта вельмі вялікі давер з боку Святога Айца
Біскуп-намінант пракаментаваў сваё прызначэнне:
— Каля двух тыдняў таму я пачуў, што мяне прызначаюць біскупам.
Я разумею, што гэта вельмі вялікая адказнасць і заданне, таму я паехаў да сясцёр кармелітак у Кіеў, каб правесці дзень у маўчанні і роздуме.
Пасля дня цішыні і разважанняў над Божым словам я ўнутрана пагадзіўся з гэтай прапановай.
Мне таксама дапамагала падтрымка і словы майго духоўнага айца, які мяне ведае, асабліва з боку чалавечага і слабога.
У хуткім часе я паеду на некалькі дзён на рэкалекцыі ў маўчанні ў Чэнстахову (Польшча).
Гэта вельмі вялікі давер да мяне з боку Святога Айца. Таму я вельмі прашу сваіх родных, сяброў і блізкіх мне людзей працягваць маліцца за мяне.
Я вельмі спадзяюся на падтрымку маіх святых заступнікаў, асабліва святога Тамаша Мора, і душ, якія знаходзяцца ў чысцы. Я таксама вельмі прашу ўсіх вернікаў Каталіцкага Касцёла маліцца за мяне ў гэтым служэнні, асабліва тых, хто штодня падтрымлівае мяне.
Біяграфія
Аляксандр Язлавецкі нарадзіўся 2 сакавіка 1979 года ў Шаргародзе Вінніцкай вобласці. Пасля вучобы ў школе і ПТВ паступіў у Вышэйшую духоўную семінарыю Святога Духа ў горадзе Гарадок Хмяльніцкай вобласці. Святарскае пасвячэнне прыняў у 2004 годзе ад біскупа Лявона Дубраўскага. Працаваў вікарыем у в. Мурафа ў Вінніцы і выхавацелем у Гарадоцкай семінарыі.
З 2006 г. працягваў вучобу ў Папскім латэранскім універсітэце ў Рыме, дзе абараніў доктарскую ступень па кананічнаму праву. Вярнуўшыся з Рыма, працаваў у семінарыі на пасадзе прарэктара. А з 2014 па 2018 год — рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі Камянецка-Падольскай дыяцэзіі.
З 13 жніўня 2018 года яго накіравалі на працу ў Кіева-Жытомірскую дыяцэзію, дзе ён працаваў канцлерам і мадэратарам курыі. 18 верасня 2019 года прызначаны дапаможным біскупам Кіева-Жытомірскай дыяцэзіі.
Малады касцёл
Аляксандр Язлавецкі стане першым біскупам з Шаргарада і першым біскупам-выпускніком семінарыі Камянецка-Падольскай дыяцэзіі. Ён таксама ўваходзіць у лік наймалодшых каталіцкіх біскупаў свету. І што цікава, яны ўсе з Украіны. Біскуп УГКЦ Пётр Лоза застаецца самым маладым біскупам. Аляксандр Язлавецкі, які старэйшы за яго ўсяго на тры месяцы, стане другім маладым каталіцкім біскупам у свеце. А Эдвард Кава, які падчас намінацыі і пасля пасвячэння быў самым маладым біскупам, зараз пераходзіць на трэцяе месца. Дарэчы, чацвёрты і пяты па чарзе самыя маладыя біскупы таксама ўкраінцы. Таму Касцёл ва Украіне, які цалкам дыхае дзвюма лёгкімі, можна смела назваць маладым.
Пераклад Марыны Сінкевіч для catholicnews.by
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!