Касцёл у Нігеры распачаў трохдзённы пост і малітву, каб пазбегнуць кровапраліцця ў краіне. Да інтэнцыі далучаюцца жыхары і суседніх краін, занепакоеныя магчымымі наступствамі чарговай вайны для ўсёй Заходняй Афрыкі.
Біскупы заклікалі да посту, ружанцовай малітвы і штодзённага ўдзелу ў Эўхарыстыі, каб прасіць Бога выратаваць Нігер і ўвесь кантынент ад хаосу, анархіі і вайны.
Арцыбіскуп сталічнага Ніамэя Лоран Ломпа перакананы, што кожная інтэрвенцыя ў краіну “павінна быць накіравана на вяртанне міру яе жыхарам”.
“Мясцовае насельніцтва ўжо і так моцна пакутуе. У нас больш за 1,2 мільён унутраных бежанцаў, пазбаўленых ежы, прытулку, медыцынскай дапамогі і магчымасцяў для атрымання адукацыі, бо школы зачынены. Сітуацыя павінна засяродзіць намаганні міжнароднай супольнасці на аднаўленні міру, а не на мысленні ў катэгорыях ваеннага ўмяшальніцтва, бо гэта яшчэ больш перашкодзіць гармоніі і сацыяльнай згуртаванасці, якія патрэбны Нігеру. Таму і хрысціяне, і мусульмане, а таксама прадстаўнікі іншых рэлігій узмоцнілі малітвы аб аднаўленні нацыянальнага адзінства, каб мы маглі жыць у міры”, – сказаў іерарх.
Нягледзячы на напружаную сітуацыю, біскупы Нігера абвясцілі аб правядзенні 18 жніўня Дзён моладзі ў дзвюх дыяцэзіях – Ніамэі і Марадзі. Моладзь разважала над пасланнем Папы, прамоўленым у Лісабоне, і малілася аб мірнай будучыні сваёй радзімы і ўсяго Чорнага кантынента, якому пагражае чарговая вайна.
Тым часам старшыня Канферэнцыі Біскупаў Заходняй Афрыкі (CERAO) звярнуўся да міжнароднай супольнасці з просьбай узяць пад увагу пакуты народа Нігера ва ўсіх рашэннях, якія яна будзе прымаць адносна гэтай краіны. “Перш за ўсё трэба не дапусціць кровапраліцця. Войны ніколі нічога не вырашаюць”, — сказаў біскуп Алексіс Туаблі Юла.
“Мы, біскупы, члены Канферэнцыі Біскупаў Заходняй Афрыкі, не можам заставацца абыякавымі да цяперашняй сітуацыі. Мы адразу накіравалі ліст біскупам Нігера, дзе выказалі сваю братэрскую салідарнасць і запэўнілі ў нашай малітве, – адзначыў у размове з Vatican News біскуп Юла. – Мы адназначна асудзілі дзяржаўны пераварот, а таксама вайну як метад вырашэння сітуацыі, якая склалася. Трэба клапаціцца пра жыццё людзей і мір. Cілай і гвалтам мір не пабудуецца, такімі метадамі можна толькі ўсё страціць; неабходны перамовы, толькі яны могуць дапамагчы міру перамагчы”.
Паводле беларускай рэдакцыі Vatican News
для друку