Касцёл, культура і навука

“Хвала Хрысту! Нядаўна ў мяне адбылася размова з адной асобай, якая даводзіла, што Каталіцкі Касцёл – гэта арганізацыя, каторая “дыхае” Сярэднявеччам і распаўсюджвае цемрашальства. Мяне як верніка такія выказванні абураюць і зневажаюць. Прашу рэдакцыю “Каталіцкага Весніка” закрануць у нумары тэму ўплыву Каталіцкага Касцёла на развіццё культуры і навукі. Дзякуй вялікі”.

Павел

– Шаноўны Павел! Ярлыкі цемрашальства на Каталіцкі Касцёл вешаюць людзі, якія якраз-такі вельмі слаба ведаюць сусветную гісторыю, не цікавяцца навукай і пра культуру маюць аднабокае ўяўленне. Ужо тое, што мы для публікацыі гэтага артыкула карыстаемся кірыліцай, заслуга якраз дзеячаў Касцёла – святых Кірыла і Мяфодзія. Іх мы ўспамінаем у літургіі як апекуноў Еўропы. І нездарма. Праз іх дзейнасць Божае слова стала даступным для славянскіх народаў і на тэрыторыі Усходняй Еўропы стала развівацца пісьменства. На працягу стагоддзяў Касцёл быў мецэнатам мастацтва і рухавіком архітэктурных ідэй. Сёння мы захапляемся шэдэўрамі сакральнага будаўніцтва, скульптурамі і карцінамі, многія з якіх паўсталі менавіта ў Сярэднявеччы. Імёны Мікеланджэла і Леанарда да Вінчы не патрабуюць тлумачэнняў. Талент гэтых людзей змог раскрыцца праз дапамогу і апякунства Каталіцкага Касцёла.

Скульптура “П’ета” аўтарства Мікеланджэла ўяўляе сабой Маці Балесную, Якая трымае на руках Божага Сына пасля ўкрыжавання. Мікеланджэла стварыў гэты шэдэўр у 1499 годзе з мурмару, калі меў 24 гады.

Каталіцкі святар і кампазітар Антоніа Вівальдзі (1678-1741)

У музыцы варта згадаць імя знакамітага кампазітара Антоніа Вівальдзі, які жыў у ХVIII стагоддзі і быў каталіцкім святаром. Напісаў 90 опер і 517 канцэртаў. Яго твор “Чатыры пары года” з’яўляецца самым вядомым у музыцы па сённяшні дзень.

Многія са сваіх твораў Моцарт, Бетховен і Бах прысвячалі рэлігійнай тэматыцы, каб раскрыць больш поўна праз музыку сутнасць евангельскага паслання. Сёння мы захапляемся асаблівым жанрам музычнай творчасці – Імшой. Венскі кампазітар Франц Ёзэф Гайдн напісаў 14 музычных імшаў. Да найбольш знакамітых адносяць Высокую Імшу сі-мінор Баха, Вялікую Імшу Моцарта, Урачыстую Імшу Бетховена і Гранскую Імшу Ферэнца Ліста.

Развіццё сучаснай навукі немагчыма было б уявіць, калі б не навуковая дзейнасць хрысціян у Сярэнявеччы, ды і пасля яго. Першыя ўніверсітэты з’явіліся акурат на месцы былых катэдральных школаў. Прыкладам могуць быць Балонскі ўніверсітэт (год заснавання – 1088) ці ўніверсітэт у Парыжы (год заснавання – 1208). Вера ніколі не супярэчыць навуцы. Яна проста адказвае на іншыя пытанні. Калі навука спрабуе даць адказ на пытанні што? дзе? як?, то вера адказвае на пытанні чаму? навошта? Чаму існуе сусвет, навошта патрэбны чалавек, у чым сэнс існавання? Гэта ўсё сфера адказнасці веры і рэлігіі. Тут дарэчы было б прывесці імёны некаторых выдатных даследчыкаў і навукоўцаў, якія дасягнулі поспехаў у навуковай дзейнасці, будучы адначасова шчырымі вернікамі Каталіцкага Касцёла.

Уільям Окам (1285-1347)

Англійскі філосаф, манах францішканскага ордэна. Адзін з найвялікшых логікаў усіх часоў. Бацька сучаснай эпістэмалогіі – навукі пра веды. Развіў прынцып мыслення, які атрымаў назву «брытва Окама». Ён фармулюецца наступным чынам: «Не варта памнажаць сутнасці без неабходнасці». Гэты прынцып азначае, што калі трэба растлумачыць нейкую з’яву, то чым менш новых паняццяў, фактаў і лагічных крокаў мы для гэтага выкарыстоўваем, тым лепш.

Кардынал Мікалай Кузанскі (1401-1464)

Найбуйнейшы нямецкі мысляр XV стагоддзя, вучоны-энцыклапедыст, матэматык, каталіцкі кардынал.

У сферы астраноміі адным першых выказаў ідэю, што Сусвет бясконцы і не мае цэнтра ні на Зямлі, ні на Сонцы, а таксама пра тое, што ўсе свяцілы рухаюцца і складаюцца з рэчываў, падобных да зямных (а не з «вечнага эфіру», як лічылі паслядоўнікі Арыстоцеля). Верагодна, касмалагічныя працы Мікалая Кузанскага паўплывалі на погляды Каперніка і Галілея. Ён напісаў матэматычныя трактаты «Аб квадратуры круга» і «Аб сувымярэнні прамога і крывога», гэта значыць аб выпрастанні акружнасці. Працуючы ў сферы оптыкі, вынайшаў рассейваную лінзу для акуляраў.

Філіп Матэус Ган (1739-1790)

Нямецкі святар і вынаходнік. Вывучаў тэалогію ў Цюбінгенскім універсітэце, а таксама захапляўся матэматыкай і механікай. Распрацаваў машыну, якая перадавала рух нябесных целаў, што прынесла яму шырокую вядомасць у Германіі. Цікавіўся працамі матэматыка Лейбніца і ўслед за ім адным з першых у свеце вынайшаў падліковую машыну.

Пасля прац над падліковай машынай вярнуўся да вылічальнай тэхнікі. Распрацоўваў новыя гадзіннікавыя механізмы і астранамічныя прыборы.

Грэгар Мендэль (1822-1884)

Аўстрыйскі біёлаг і батанік, аўтар матэматычных законаў генетыкі і ў той жа час – святар, а пасля настаяцель Аўгусцінскага абацтва Святога Тамаша ў Старэ Брно (Чэхія).

Пачаў свае даследаванні ў садзе пры кляштары. Яму ўдалося сфармуляваць асноўныя законы, што тлумачаць, якім чынам жывыя арганізмы ўспадкуюць знешнія прыкметы сваіх бацькоў. У нашы дні тры закона Мендэля вывучаюць у сярэдняй школе.

У 1868 годзе Мендэля абралі абатам Старабрненскага кляштара, і ён перастаў займацца біялагічнымі даследаваннямі. Толькі ў пачатку XX стагоддзя навукоўцы-генетыкі зноў адкрылі законы, якія за тры дзесяцігоддзі да іх ужо вывеў Мендэль.

Жорж Лемэтр (1894-1966)

Бельгійскі астраном і матэматык, каталіцкі святар. Лемэтр – герой Першай сусветнай вайны, узнагароджаны Ваенным Крыжам. Пасля вайны ён вывучаў ва ўніверсітэце матэматыку, фізіку, астраномію і тэалогію. У 1923 ужо ў сане абата працягнуў адукацыю ў Кембрыджы, а пазней займаўся астраноміяй у Гарвардзе (ЗША). У 1960 г. Лемэтра абралі прэзідэнтам Папскай акадэміі навук. Асноўны навуковы ўклад Лемэтр унёс у астрафізіку і касмалогію. Ён першым сфармуляваў тэорыю Сусвету, які пашыраецца, і яго зараджэнне з «першапачатковага атама». Пазней тэорыя была названая «Вялікім выбухам», і менавіта пад гэтай назвай вядомая ў навуцы сёння.

Гэта, зразумела ж, не поўны пералік знакамітых мысляроў, якія былі адначасова шчырымі вернікамі. За доўгую гісторыю прысутнасці Касцёла ў свеце з’явілася шмат выдатных місіянераў, філосафаў, музыкантаў і навукоўцаў, якія прычыніліся да распаўсюджвання хрысціянства ў самых далёкіх краінах. Ды і сама Еўропа не была б сёння такой свабоднай, дзе шануюцца правы чалавека і захоўваюцца прынцыпы роўнасці і дэмакратыі, калі б не асветніцкая дзейнасць Касцёла ў мінулым. У нас жа, людзей ХХІ стагоддзя, ёсць заданне старанна і аб’ектыўна вывучаць мінулае, пазбягаючы аднабаковых і хлуслівых ярлыкоў, якія нічога не маюць супольнага з праўдай.

Кс. Віктар Місевіч

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі