«Карытас» з клопатам пра пажылых людзей (+відэа)

Пры “Карытас” Віцебскай дыяцэзіі дзейнічае Рэсурсны цэнтр для сацыяльнай інтэграцыі. У межах дадзенага праекта арганізавана дзённае знаходжанне для пажылых людзей, у тым ліку, і для тых, якія церпяць на дэменцыю ці маюць інваліднасць.

Наведвальнікі Цэнтра і іх родныя маюць магчымасць скарыстацца кансультацыяй псіхолага, зрабіць масаж у масажным крэсле пад рэлаксацыйную музыку. Таксама ў Рэсурсным Цэнтры ёсць сэнсарны пакой. Гэта адмыслова абсталяванае месца для рэлаксацыі і рэабілітацыі людзей. Стымулятары, размешчаныя ў сэнсарным пакоі ўздзейнічаюць на органы слыху і дотыку. Мяккія модулі, паветрана-бурбалачная панэль і трубкі, фібрааптычныя валокны, стол для малявання пяском паляпшаюць эмацыйны стан і змяншаюць пачуццё стомленасці.

Акрамя гэтага супрацоўнікі Цэнтра арганізоўваюць разнастайныя заняткі на развіццё логікі і памяці, дробнай маторыкі, адмысловыя майстар-класы.

Адна з мэтаў Рэсурснага Цэнтра – спрыяць паляпшэнню псіхаэмацыйнага стану не толькі ў пажылых людзей, але і тых, хто здзяйсняе догляд, дапамагаць ім спраўляцца са стрэсам і эмацыянальным выгараннем, атрымліваць прафесійную дапамогу і падтрымку.

У межах дзейнасці Рэсурснага Цэнтра сацыяльныя работнікі таксама здзяйсняюць сацыяльна-бытавыя кансультацыі і садзейнічаюць у адаптацыі жылых памяшканняў для людзей з цяжкімі захворваннямі.

Рэсурсны Цэнтр дзейнічае пры фінансавай падтрымцы “Карытас” Лінц, Renovabis, KZE (Katholische Zentralstelle für Entwicklungshilfe e.V.).

Сустрэчы ў Рэсурсным Цэнтры для сацыяльнай інтэграцыі пры “Карытас” Віцебск адбываюцца па панядзелках, аўторках і чацверах з 11 да 14 гадзінаў, па адрасе: г. Віцебск, вул. Чкалава, 52, корпус 1.

Па пытаннях працы Рэсурснага Цэнтра можна звяртацца па тэлефонах: (+37529) 836-99-93; (80212) 61-88-22.

Сачыць за дзейнасцю Рэсурснага Цэнтра можна на старонках у сацыяльных сетках УКантакце, Facebook, Instagram

Марына Ткач, тэкст
фота з архіва Рэсурснага цэнтра для сацыяльнай інтэграцыі пры “Карытас” Віцебскай дыяцэзіі

для друку для друку