Будучыня Касцёла ў тым, каб ісці насустрач іншым, бо немагчыма быць хрысціянамі, не ідучы да іх. Евангелле, гэта не “прадукт для асабістага дабрабыту” – яно тычыцца бліжнага, нагадаў кардынал Матэа Дзупі.
Старшыня Канферэнцыі біскупаў Італіі прыняў удзел у Фестывалі камунікацыі, які прайшоў у Пінэрола ў паўночнаітальянскай вобласці П’емонт. Тэма форума: «Застанемся злучанымі», была натхнёная пасланнем Папы Францішка на 58-ы Сусветны дзень сацыяльнай камунікацыі, прысвечанае штучнаму інтэлекту.
Каб камунікаваць і заставацца злучанымі, неабходна ўключыць прыёмнік сэрца, якое павінна быць заўсёды гатовым чуць тое, што паходзіць са свету, — падкрэсліў на палях сустрэчы іерарх.
Кардынал Дзупі заўважыў, што мы перажываем перамены, звязаныя з эпохай “лічбавай антрапалогіі”. На яго думку, важна ўжо зараз зразумець, якімі будуць людзі, якія сфарміруюцца ў гэтым гістарычным кантэксце. Арцыбіскуп Балонскі падкрэсліў, што нягледзячы на развіццё штучнага інтэлекту, ён ніколі не змога замяніць “алгарытму сэрца”, асабліва калі выкарыстоўваецца для ваенных мэтаў.
Іерарх заўважыў, што ў актуальнай міжнароднай сітуацыі хрысціяне пакліканы быць “майстрамі і будаўнікамі міру”. Ён перакананы, што нягледзячы на законнасць самаабароны, мір павінен наступіць праз перамовы, пераадоленне палярызацыі і ўклад ААН. “Мір не можа быць толькі перамір’ем, інакш свет, які застанецца, будзе горшым, чым раней”, — дадаў кардынал Матэа Дзупі.
Аляксандр Панчанка, беларуская рэдакцыя Vatican News
