Капуцын Валерый Кунгер пра сваё служэнне ў Афрыцы: “Раз Бог мяне туды пасылае, то і дасць мне сваё блаславенне”

Перад самым Новым годам брат Валерый Кунгер OFMCap, які служыў у Докшыцах, атрымаў місійны крыж. Ён будзе несці місійнае служэнне ў Цэнтральнай Афрыцы, а менавіта ў Габоне. Для Кустодыі братоў капуцынаў у Беларусі гэта падзея – першая ў гісторыі.

Каталіцкі Веснік пагутарыў з братам Валерыем перад яго ад’ездам у Афрыку.

– Як Вы адчулі сваё пакліканне да місіянерства?

– Я гэта ўжо адчуваў гадоў дзесяць. І я быў гатовы туды ехаць, калі Бог пакліча. Наша Кустодыя капуцынаў і правінцыя ў Варшаве прапанавала мне паехаць у Афрыку, каб дапамагчы нашым братам у служэнні.

Я паразважаў у сваім сэрцы, падумаў, спытаў, у якім месцы гэтага кантынента Бог хоча мяне бачыць. Вось так і выйшла, што я еду працаваць у Афрыку.

– Чаму менавіта Габон? Вы самі выбіралі краіну?

– Не, так вырашыла наша кіраўніцтва. Я еду менавіта туды, бо там ужо працуюць нашы браты капуцыны з Варшаўскай правінцыі. Я еду дапамагчы ім у іх працы.

– Не страшна ехаць у Афрыку?

– Крыху ёсць нейкае перажыванне, вядома. Бо гэта для мяне нешта новае, нешта невядомае. Але я мяркую, паколькі мяне Бог туды пасылае, то і дасць мне сваё бласлаўленне.

– Ведаеце ўжо дакладна мясцовасць, дзе будзеце несці службу Богу?

– Пакуль што дакладна не ведаю. Мне казалі, што хутчэй за ўсё ў Менэлі. Гэта невялікі населены пункт, такая афрыканская вёска.

– А ведаеце ўжо канкрэтна, з кім з братоў будзеце несці сваё служэнне?

– Там ужо працуе дзесяць нашых братоў капуцыныў. Два з іх – гэта браты з майго курсу. Хто з іх дзе канкрэтна працуе, я пакуль не ведаю, пабачымся там на месцы. Я сам гатовы працаваць у любой мясцовасці, куды мяне адправяць, і дзе будзе патрэбная мая праца.

– Наколькі вядома, большасць насельніцтва Габона – католікі. На Вашу думку, ёсць яшчэ там праца для місіянераў?

– Вядома, працы заўсёды будзе хапаць для таго, хто хоча працаваць. Хто хоча служыць пану Богу – заўсёды знойдзе сабе працу.

– Магчыма будзе з Вамі паразмаўляць праз паўгода, каб Вы падзяліліся сваімі ўражаннямі і вынікамі працы?

– Вядома, што так. Я падпісаны на сайт Каталіцкага Весніка, і заўсёды яго чытаю. Таму ахвотна падзялюся сваім досведам і тымі ўражаннямі, што напаткаюць мяне на афрыканскім кантыненце.

– Поспехаў Вам! З Богам!

– З Богам!

Гутарыў Зміцер Лупач

***

Габон – дзяржава на заходнім узбярэжжы Атлантычнага акіяна ў Цэнтральнай Афрыцы. Тэрыторыя – 267,7 тыс. км2, насельніцтва – каля 2 млн чалавек (для параўнання: плошча Беларусі – 207,6 тыс. км2, насельніцтва – каля 9,5 млн чалавек). 80% насельніцтва Габона з’яўляюцца католікамі.

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі