Каплічка святога Язафата ў Глыбокім

Каплічка святога Язафата. Фота Аляксандра Казіцкага, 1930 г.

Сёлета 12 лістапада споўнілася чатырыста гадоў з дня пакутніцкай смерці святога Язафата Кунцэвіча, апекуна Віцебскай дыяцэзіі. На працягу некалькіх стагоддзяў часткай краявіду Глыбокага была каплічка святога Язафата, таму самы час пра яе ўзгадаць.

Каплічка стаяла пры дарозе з Глыбокага ў Беразвечча, на правы бок ад дарогі. Цяпер там падворак дома, які мае адрас Савецкая, 114, а на месцы каплічкі засталося ледзь бачнае зарослае хмызняком узвышша, на якім можна ўбачыць кавалкі старой цэглы. Апісанне каплічкі было надрукаванае ў 1931 годзе ў часопісе “Ziemia Dziśnieńska”, які выдавалі вучні гімназіі імя Люблінскай уніі ў Глыбокім: “Гэтая прыдарожная каплічка мае наступныя памеры: даўжыня – 4,2 метры, шырыня – 4,14 метраў, вышыня – 4,2 метра. На даху, крытым бляхай, вышынёй 1,5 метра, стаіць жалезны крыж вышынёй 1,5 метра. У капліцу вядуць драўляныя штакетныя дзверы, 2,3 метра вышыні і 2,3 метра шырыні, над якімі знаходзіцца жалезная аконная рама з шыбамі, памерамі 40х30 см. Першапачатковы выгляд каплічкі быў зусім іншы: мела яна адну тыльную сцяну з паглыбленнем, вышынёй 2 метры, і дзве бочныя сцяны, вышынёй 1 метр, закончаныя двума калонамі, на якія абапіраўся дах. Насупраць дзвярэй, пры тыльнай сцяне, стаіць алтар вышынёй 1 метр, за якім у нішы павешаны абраз Маці Божай Чанстахоўскай ў чорнай драўлянай раме памерам 40х30 см. Над абразом павешаны драўляны крыж з фігурай Пана Езуса, памерам 1 метр. Даўней на гэтым месцы была фігура святога Язафата, пад тытулам якога была гэтая капліца фундаваная”.

З узнікненнем каплічкі звязанае паданне. Быццам бы ваявода мсціслаўскі Язэп Корсак, калі засноўваў у Беразвеччы кляштар базыльянаў, а ў Глыбокім – кармелітаў босых, запісаў у тэстамэнце, што аддае тысячу валок таму кляштару, у якім спачне ягонае цела. І базыльяне быццам бы выкралі ягонае цела ад кармелітаў, а кармеліты даганялі, і па дарозе ўзнікла бойка, у якой загінуў адзін з манахаў, і на тым месцы паставілі каплічку. Гэтае паданне не адпавядае рэчаіснасці. Тэстамэнты Язэпа Корсака захаваліся ў архівах, і ў іх няма ўмовы пра “тысячу валок” для кляштара, у якім спачне цела фундатара. Просты люд, які не разумеў падзей, што адбываліся ў вышэйшых сферах грамадства, дадумляў свае фантастычныя версіі. Асабліва часта паданні ўзнікалі, калі трэба было патлумачыць даўнія падзеі. Да фантазій належыць залічыць і аповеды пра падземны ход, што быццам ідзе з Глыбокага ў Беразвечча.

Праўдай жа ёсць, што каплічка святога Язафата стаяла на мяжы двух маёнткаў – Глыбокага, які належаў кляштару кармелітаў босых, і Беразвечча, што належала грэка-каталіцкаму ордэну базыльянаў. Верагодна, каплічку паставілі базыяльне, бо святы Язафат Кунцэвіч сам быў базыльянінам. Час яе будаўніцтва невядомы, але барочныя рысы наводзяць на думку, што яна магла паўстаць у той самы час, што і царква, і кляштар у Беразвеччы (1756-1763 гады). У старых дакументах каплічка ўзгадваецца толькі аднойчы: у 1851 годзе расійскі землямер апісвае мяжу маёнтка Глыбокае і ўзгадвае як арыенцір “памятник” пры дарозе на Беразвечча.

Фігура святога Язафата была страчаная яшчэ ў ХІХ стагоддзі. Магчыма, гэта здарылася ў 1839 годзе, калі ў выніку скасавання Уніі кляштар у Беразвеччы перайшоў у рукі праваслаўнага духавенства. Апавядалі, што фігуру ўтапілі ў возеры, але невядома, ці праўда гэта. Каплічкай доўгі час ніхто не апекаваўся, і на фотаздымку пачатку ХХ ст. мы бачым яе ў паўзруйнаваным выглядзе. Каталіцкая парафія збіралася ўпарадкаваць каплічку. Архітэктар Антоні Філіповіч-Дубовік, які праектаваў перабудову ў 1902-1908 гг касцёла Святой Тройцы, склаў каштарыс рамонту каплічкі. Ён меўся каштаваць 400 рублёў, але спачатку парафіяне сабралі толькі 100 рублёў. Рамонт адкладваўся, а тым часам пра каплічку ўспомніла праваслаўнае духавенства, якое звярнулася да ўладаў. Тыя ў 1911 годзе пастанавілі, што каплічка належыць беразвецкаму манастыру, і манахіні распарадзіліся яе адрамантаваць. 24 чэрвеня 1912 года каплічку асвяцілі праваслаўныя святары ў прысутнасці вялікай колькасці народу. Зразумела, што выява святога Язафата ў каплічку не вярнулася.

Пасля заняцця Глыбокага польскімі войскамі ў 1919 годзе каталікі забралі сабе былую грэка-каталіцкую царкву ў Беразвеччы. Польскія ўлады змусілі праваслаўных манахінь пакінуць Беразвечча. Тады ўжо глыбоцкія каталікі занялі і капліцу святога Язафата, замянілі візантыйскі крыж на лацінскі, а ўнутры змясцілі абраз Маці Божай Чанстахоўскай.

“Капліца, як я памятаю, была невялікая і простая. Унутры знаходзіўся крыж і дзве лавачкі, дзверы былі каваныя з жалеза. На самым версе размяшчаўся крыж, які было відаць здалёк, – расказвала ў 2008 годзе глыбачанка Яніна Хромава. – Калі з Глыбокага ішла пілігрымка ў Удзела на фэст Святога Антонія (13 чэрвеня) або ў Беразвечча на свята Пятра і Паўла (29 чэрвеня), то ля капліцы мы спыняліся. Адбывалася кароткая малітва, усе адпачывалі і ішлі далей. Да гэтай капліцы з намі ішоў глыбоцкі ксёндз, а вось адтуль ён вяртаўся ў горад. Пробашчам у Глыбокім у той час быў кс. Антоній Зянкевіч. Ён часта прыходзіў да гэтага месца, маліўся і вяртаўся дадому”.

Былая грэка-каталіцкая царква Нараджэння Багародзіцы ў Беразвеччы. У міжваенны перыяд — касцёл святых Пятра і Паўла. Фота з калекцыі аўтара.

Каплічка была разбураная пасля Другой сусветнай вайны. Па ўспамінах старажылаў, у 1958 годзе яе разабраў на цэглу мясцовы жыхар, а атэістычныя ўлады гэтаму не перашкаджалі. Варта было б аднавіць каплічку святога Язафата, бо яна была не толькі сакральным аб’ектам, але і помнікам гісторыі, што нагадваў пра прысутнасць на Глыбоччыне базыльянаў, а таксама пазначаў мяжу глыбоцкага і беразвецкага маёнткаў.

Кастусь Шыталь

для друку для друку