Каб не баяцца крыжа

У юнацтве ў мяне былі адносіны з хлопцам, які на той час цалкам завалодаў маім сэрцам. У яго асобе я бачыла сябра і будучага жыццёвага спадарожніка. Разам мы праводзілі час і, здаецца, ведалі ўсё адно пра аднаго.

Надыходзіў чарговы дзень нараджэння майго абранніка. Я доўга думала над ідэяй падарунка. Парфюм, адзенне, тэхнічныя рэчы – усё гэта падавалася збітым і банальным. Тады прыгадала, што ў майго хлопца-католіка на шыі няма крыжыка. Гэта думка ў адзін момант вырашыла дылему. На наступны дзень я пайшла ў краму з упрыгожаннямі, выбрала самы эстэтычны ланцужок і крыжык да яго. Пасля накіравалася ў касцёл, каб асвяціць набытую рэч. Праз колькі дзён падарунак ва ўрачыстай абстаноўцы быў уручаны адрасату. На хвіліну мне падалося, што імяніннік няшчыры ў сваёй радасці ад падарунка, аднак я адганяла ад сябе дрэнныя думкі. Ужо праз тыдзень заўважыла, што крыжык дзіўным чынам знік з шыі хлопца. Некаторы час не рашалася спытаць, чаму ён не носіць падораную рэч. Аднак у адзін з вечароў усё ж наважылася і спытала.

На сваё пытанне атрымала адказ: “Даруй, любая! Я не буду яго насіць. Гэты крыж мяне душыць. Табе лепш увогуле яго забраць”.

Пасля гэтых слоў хлопец вярнуў мне падарунак.  У хуткім часе нашы шляхі разышліся. Той самы крыжык ужо каля дзесяці гадоў упрыгожвае маю шыю.

Той выпадак дапамог мне зразумець важныя і глыбінныя рэчы. Вельмі часты мы баімся крыжа, пазбягаем яго. Ён атаясамліваецца з болем, пакутамі. А чалавек хоча быць шчаслівым, бесклапотным, свабодным ад цяжару праблем. Жыццёвы крыж “душыць” яго, прыціскае да зямлі, не дазваляе атрымліваць асалоду ад жыцця. Хочацца адкінуць увесь цяжар, стаць свабодным, бесклапотным, нічым не абцяжараным. Аднак менавіта крыж з’яўляецца ключом, які адкрывае брамы вечнага жыцця.

Прыгадваецца прытча пра крыж, з якой давялося пазнаёміцца яшчэ ў юнацтве. Два сябры вырушылі ў дарогу. У кожнага быў на плячы крыж. Першыя некалькі крокаў не выклікалі складанасцей, аднак пасля ісці было ўсё цяжэй і цяжэй. Пот ручайкамі бег па твары мужчын, а спіны невыносна балелі. Час ад часу падарожнікі прыпыняліся, пераводзілі дух, а пасля зноў працягвалі шлях. Урэшце рэшт, адзін з сяброў вырашыў зменшыць свой крыж і адпілаваў невялікую частку. Дарога на некаторы час падалася лягчэйшай. Але ўжо праз некалькі кіламетраў цяжар, здаецца, вярнуўся. Мужчына ведаў, што рабіць далей – ён зноў падпілаваў сваю ношу. Ісці стала нашмат лягчэй. Гэты чалавек з усмешкай глядзеў на свайго сябра, які працягваў цягнуць свой крыж, не жадаючы аблегчыць сабе шлях. Расчырванелы твар і цяжкае дыханне выдавалі тую акалічнасць, што мужчына ідзе з апошніх сіл.

Вось падарожнікі дайшлі да прыгожай краіны з адмысловымі дрэвамі, дамамі, прыгожымі кветкамі. Аднак той прываблівы краявід быў аддзелены глыбокай прорвай. Замучаны мужчына хутка зняў крыж з плячэй, паклаў яго як кладку і хутка перабег на іншы бок. Больш не было бачна пакут на яго твары. Толькі радасць і захапленне. Другі мужчына, які падрэзаў свой крыж, вырашыў зрабіць тое самае, але даўжыні крыжа не хапіла, каб зрабіць кладку. Мужчына сеў на беразе прорвы і заплакаў… Гэтая алегарычная гісторыя паказвае сутнасць хрысціянскага жыцця. Праблемы, цяжкасці, пакуты, перажытыя з Богам, дысцыплінуюць, вядуць да неба і да збаўлення.

У Евангеллі ад Мацвея можна прачытаць такія словы: “Прыйдзіце да Мяне ўсе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас. Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам, і знойдзеце спакой для сваіх душаў, бо ярмо Маё прыемнае і цяжар лёгкі”. Сам Хрыстос заахвочвае не баяцца цяжкасцей і складанасцей. Ён сцвярджае каштоўнасць і вартасць гэтых рэчаў. Варта памятаць, што, пазбягаючы крыжа, чалавек пазбягае і Хрыста, бо крыж – прылада збаўлення і святасці.

Марта Венславовіч

для друку для друку