Геаграфія веры. Сведчанне Вольгі Шусціцкай

З даўніх часоў чалавек шукаў сустрэчы з Богам не толькі ў малітве, але і ў дарозе. Пілігрымкі і рэлігійныя падарожжы заўсёды былі важнай часткай рэлігійнага жыцця – часам як знак пакаяння ці просьбы, часцей як магчымасць пакінуць мітусню і на некалькі дзён прысвяціць сябе галоўнаму. Ісці да святыні – значыць, ісці да самога сябе, пакідаючы за спінаю звыклае, каб вярнуцца абноўленым. І нават у наш час, калі падарожнічаць стала лягчэй, такія вандроўкі захоўваюць свой сакральны сэнс, бо гэта не проста турызм, а сведчанне веры. Звычайныя людзі адпраўляюцца ў шлях, каб знайсці нешта большае, чым можа даць штодзённае жыццё.

Менавіта такім чалавекам з’яўляецца Вольга Шусціцкая з Мінска. Яе асабісты досвед наведвання святых мясцін нашай краіны, а таксама Італіі, Польшчы, Літвы, Францыі, Аўстрыі, Германіі, Славакіі і іншых дзяржаў варты асобнай размовы. Вольга адзначае, што звычайная цікавасць да культуры перарасла ў глыбокую патрэбу дакранацца да духоўных вытокаў.

Сёння з вялікай удзячнасцю вандроўніца прыгадвае сваю бабулю Францішку, дзякуючы якой яна палюбіла пілігрымкі. Менавіта дзякуючы яе падтрымцы дзяўчына ўпершыню пайшла ў пілігрымку да Маці Божай Будслаўскай у чатырнаццацігадовым узросце. З таго часу яна ніводнага разу не прапусціла сустрэчы з Нябеснай Матуляй. Нават у гады пандэміі Вольга разам з бацькамі ехала ў Будслаў, каб падзякаваць за шматлікія дары, а таксама папрасіць апекі і дапамогі на далейшае жыццё. Клапацілася пра ўнучку і другая бабуля, Тарэса, якая заўсёды перажывала і перажывае за яе.

Роднай парафіяй для дзяўчыны з’яўляецца парафія святога Андрэя Апостала ў Нарачы. Зараз Вольга жыве ў Мінску, але працягвае наведваць касцёлы па ўсёй краіне. Гудагай, Паставы, Тракелі, Гродна, Мосар, Магілёў, Пінск, Росіца, Вішнева, Гервяты, Воранава, Солы, Ашмяны, Суботнікі, Брэст, Глыбокае, Полацк, Маладзечна, Ракаў, Івянец, Васілішкі, Ішкалдзь, Мядзел – Вольга наведала вялікую колькасць святынь у розных населеных пунктах. Кожная пакінула ў яе сэрцы штосьці сваё, кожная ўразіла і захапіла. У кожнай святыні свой архітэктурны стыль, гісторыя, атмасфера, аднак усе яны аб’яднаныя адным – прысутнасцю Жывога Бога на алтары.

Асаблівымі для дзяўчыны з’яўляюцца Марыйныя санктуарыі – Гудагай, Тракелі, Будслаў. Гэтыя месцы напоўненыя асаблівай атмасферай. З дзяцінства, ездзячы да родных, Вольга з сям’ёй наведвала Вострую Браму. Менавіта там, каля абраза Маці Божай, зараджалася Марыйная пабожнасць.

У 2007 годзе Вольга з пілігрымамі з залатагорскай парафіі адправілася на цягніку ў Ялту. Гэтае падарожжа было яркім і запамінальным і пакінула пасля сябе цэлую палітру станоўчых эмоцый. Дзяўчыне хацелася працягваць вандраваць. З’яўляліся ўсё новыя пункты на карце, якія хацелася пакарыць. У дваццаціпяцігадовым узросце ў складзе пілігрымкі давялося наведаць Італію і Польшчу, у 2017 годзе – Лурд, у 2018 – Меджугор’е. У 2019 годзе Вольга адправілася ў авіяпілігрымку ў Ізраіль, наведала Бэтлеем, Назарэт і іншыя знакавыя для кожнага верніка месцы. А ў 2025 годзе падарожніцы пакарыўся Парыж – Вольга наведала Сабор Парыжскай Божай Маці, базілікі Сэн-Дэні і Сакрэ-Кёр.

Дзяўчына прызнаецца, што падарожнічае зусім не для таго, каб паставіць чарговую “галачку” на мапе або пахваліцца фотаздымкамі ў сацыяльных сетках. Яе мэта куды глыбейшая – гэта пошук душэўнага заспакаення і той цішыні, якой так не хапае ў штодзённасці вялікага горада. З асаблівай цеплынёй яна ўспамінае два месцы – Асізі і Лурд. Для Вольгі гэтыя месцы з’яўляюцца аазісамі, дзе, здаецца, сам час спыніў сваё існаванне. Вольга расказвае, як у Асізі, сярод сярэднявечных вулачак, якія памятаюць крокі святога Францішка, яна адчула незвычайную лёгкасць. А ў Лурдзе яна назірала за тым, як людзі рознага ўзросту і дастатку стаяць у доўгіх чэргах да крыніцы.

– Там знаходзіш нешта сапраўднае, – гаворыць яна. – Спакой і гармонію, якія не купіш за грошы. Гэта магчымасць адарвацца ад мітуслівага свету, ад бясконцых тэлефонных званкоў і тэрміновых спраў і застацца сам-насам з сабой і сваімі думкамі, – расказвае Вольга.

Цікава, што Вольга не прыхільніца нейкага аднаго віду транспарту. Яна перакананая, што кожны спосаб перамяшчэння дае свой унікальны досвед і настрой. І калі трэба хутка пераадолець вялікую адлегласць, яна без ваганняў карыстаецца самалётам. А вось цягнікі яна любіць за сваю рамантыку: мерны стук колаў, прасторныя вокны, за якімі праплываюць краявіды, і магчымасць доўга думаць, гледзячы на зменлівыя карціны за шклом. Прысутнічаюць у яе вандроўках і аўтобусныя туры. Часам гэта самы зручны спосаб дабрацца да невялікіх гарадоў, куды не ходзяць цягнікі. Асаблівую свабоду дзяўчына адчувае за рулём аўтамабіля. Аднак самыя галоўныя ўражанні, па словах Вольгі, чакаюць тых, хто адважваецца на павольныя вандроўкі. Пешыя пілігрымкі – гэта асобная гісторыя, дзе кожны крок мае сэнс, дзе адчуваеш дарогу не вачыма, а ўсім целам. Роварныя паездкі даюць адчуванне свабоды і еднасці з прыродай, калі вецер дзьме ў твар, а перад вачыма разгортваюцца краявіды, якія праз шкло аўтамабіля выглядаюць зусім інакш.

Але нават пасля столькіх падарожжаў Вольга не лічыць, што яе духоўны пошук завершаны. Наадварот, з кожнай вандроўкай прыходзіць разуменне, што шлях да Бога бясконцы. Зараз падарожніца марыць наведаць Фаціму – партугальскі горад, дзе Маці Божая з’яўлялася маленькім пастушкам. Вольгу прываблівае не проста знакамітасць гэтага месца, а магчымасць дакрануцца да таго сакральнага, дзе неба сустракаецца з зямлёй.

І калі азірацца на пройдзеныя дарогі – італьянскія ўзгоркі Асізі, ціхія літоўскія касцёлы, французскія сцежкі да цудоўнай крыніцы ў Лурдзе, – прыходзіць разуменне, што ўсе яны склаліся ў адзін вялікі маршрут – маршрут да Бога.

Марта Венславовіч

для друку для друку