Многія заўважылі, што ў цяперашні час адносіны да шлюбу і сям’і сталі больш павярхоўнымі і легкадумнымі. Маладыя людзі з лёгкасцю змяняюць партнёраў, спадзеючыся знайсці “камфортнага” чалавека. Некаторыя пары не бяруць шлюб увогуле, а іншыя пасля няўдалага шлюбу будуюць наступныя стасункі. Аднак, жывучы без шлюбу, многія сутыкаюцца са складанасцямі і цяжкасцямі. Марыне і Пятру (імёны герояў змененыя) якраз давялося прайсці праз такія выпрабаванні. Марына пагадзілася падзяліцца сваёй гісторыяй адносін, расчаравання і чакання.
– Я нарадзілася і вырасла ў каталіцкай сям’і, якая практыкавала веру. Мае старэйшыя браты былі міністрантамі, а стрыечны брат – святаром. У дзяцінстве быў перыяд, калі я наведвала касцёл штодня, прымала Камунію, чытала рэлігійную літаратуру. А ў нейкі момант мне захацелася стаць манахіняй. Скончыўшы школу, я ўсё ж вырашыла атрымаць свецкую адукацыю і адкласці рэалізацыю свайго намеру на некаторы час. Я паступіла на вучобу, і мяне закруціў жыццёвы вір. А касцёл пакрысе стаў адыходзіць на другі план. Я працягвала маліцца, наведваць нядзельныя святыя Імшы, аднак адносіны з Богам усё ж былі не тыя. Быццам страціўся нейкі стрыжань, з’явіўся фармалізм. Атрымаўшы дыплом, я ўладкавалася на працу, села за руль аўтамабіля. Свецкае жыццё поўнасцю захапіла думкі. Пазней я стала заўважаць, што дзяўчаты, мае равесніцы, выходзяць замуж, нараджаюць дзяцей. Мне таксама захацелася стварыць уласную сям’ю, нарадзіць дзяцей, акунуцца ў новую сферу.
Аднойчы ноччу мне прысніўся сон, што я бачу фігуру Хрыста, якая пакрысе аддаляецца ад мяне, а пасля і ўвогуле знікае.
Гэта было так рэалістычна, што раніцай я ніяк не магла супакоіцца. Тыя карціны стаялі перад вачыма. Тады мяне пачалі адольваць дакоры сумлення, што я адышла ад Бога. Але пасля я падумала, што не раблю нічога дрэннага, жыву як усе.
Аднойчы ў адной з сацыяльных сетак я пазнаёмілася з хлопцам. Мы пачалі перапісвацца. Пётр адразу спадабаўся мне, бо быў па-сапраўднаму прыгожым. Штодня я чакала ад яго паведамленняў. Ён змог акружыць мяне цеплынёй і ўвагай. Яшчэ не бачачы яго, я стала адчуваць, што ён завалодаў маімі думкамі. Крыху пазней ён расказаў, што быў жанаты, а зараз знаходзіцца ў разводзе. Яго жонка цяпер – у другім шлюбе. А яны калісьці таксама заключылі касцельны шлюб. Гэта акалічнасць вельмі засмуціла мяне. Я разумела, што збліжэнне з мужчынам, які быў у шлюбе, з’яўляецца грахом. Вырашыла для сябе, што настала пара скончыць гэтыя адносіны, якія не маюць шансаў на існаванне. Аднак гэтак гаварыла мая рацыянальная частка, а сэрца дыктавала зусім іншае. Кожны раз, ідучы на спатканне, я абяцала сабе, што сёння скончу гэтыя стасункі, пагавару з Пятром. І кожны раз я не магла гэтага зрабіць. У патрэбны момант мой намер блакаваўся. А я ўсё больш уцягвалася ў гэтыя адносіны.
Сітуацыя стала некамфортнай, я разрывалася паміж мараллю і пачуццямі.
Разумела, што трэба нешта выбраць і супакоіцца: або адмовіцца ад адносін, або застацца з Пятром. І я выбрала другі варыянт. Пётр зрабіў прапанову, і мы пачалі жыць разам. З аднаго боку, я была вельмі шчаслівай: са мной побач быў той чалавек, якога я кахала, а з іншага, у сэрцы была вялікая рана. Прыходзячы ў касцёл, я адчувала сябе нікчэмнай, няздольнай справіцца са сваімі пачуццямі. А ў момант святой Камуніі слёзы градам ліліся па маім твары. Бог быў так блізка, а я не магла Яго запрасіць у сваё сэрца. І гэта было маё рашэнне. Мы распісаліся, аднак я страціла сон і спакой. Пётр пачаў мяне раздражняць. Сталі ўзнікаць канфліктныя сітуацыі. Былі моманты, калі мне падавалася, што я зрабіла самую вялікую памылку ў сваім жыцці. Я прыгадвала свой сон, які ўбачыла колькі год таму: тую фігуру Езуса, якая аддалялася ад мяне, пакуль поўнасцю не знікла. З вясёлай, добрай і ўсмешлівай дзяўчыны я ператварылася ў незадаволеную, раздражнёную, задумлівую жанчыну, каторая страціла радасць і смак жыцця. І толькі адзіным агеньчыкам надзеі для мяне была тая акалічнасць, што справа Пятра і яго былой жонкі знаходзілася ў касцельным судзе.
Аднак ішлі гады, а справа не вырашалася. Стала здавацца, што нічога не атрымаецца. Я ўсё больш заглыблялася ў змрочныя думкі. Гэтыя некалькі гадоў сталі сапраўдным выпрабаваннем для нас.
Праз пяць гадоў справа ўсё ж такі была вырашаная. Касцельны суд, прааналізаваўшы матэрыялы, прызнаў сужэнства Пятра і яго першай жонкі нядзейсным. Я плакала ад шчасця. Мы не цягнулі, і праз некалькі тыдняў заключылі шлюб. Сакрамант я перажывала асаблівым чынам, па маім твары цяклі слёзы радасці, бо я нарэшце магла прыступіць да споведзі і прыняць святую Камунію. І ведаеце, гэта ўспрымалася зусім па-іншаму. Я адчувала вялікую смагу і голад, я сумавала па Хрысце, Яго прысутнасці ў маім сэрцы. Да ўсёй гэтай гісторыі сакраманты былі даступнымі, менавіта таму і не цаніліся належным чынам. Цяпер за плячыма я мела вопыт.
Напэўна, кожны сутыкаўся з сітуацыяй, калі даводзілася на доўгі час расстацца з блізкім чалавекам. Пасля гэтага сустрэча была па-сапраўднаму жывой, шчырай, эмацыйнай. Такая сустрэча з Хрыстом была і ў мяне.
Сёння мы з Пятром кожную нядзелю прысутнічаем на святой Імшы, прыступаем да сакрамантаў. А я зразумела, што ніколі больш не хачу страціць сувязь з Богам.
Марта Венславовіч
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!