Ваенны ардынарый Італіі прызначыў адным з месцаў, дзе можна атрымаць юбілейныя адпусты, капліцу паруснага карабля ваенна-марскіх сіл Італіі «Амерыга Веспучы».
Выконваючы свае абавязкі падчас місіі ў моры, маракі ВМС Італіі, якія служаць на вучэбным парусніку «Амерыга Веспучы», маюць магчымасць далучыцца да пілігрымаў, якія ўдзельнічаюць у юбілейных мерапрыемствах, якія распачаліся адкрыццём Святых Дзвярэй базылікі св. Пятра ў Ватыкане. Арцыбіскуп Санто Марчыяно, які ўзначальвае вайсковы ардынарыят Італіі, уключыў карабельную капліцу ў спіс юбілейных касцёлаў.
Адкрыццё Святога Года ў ардынарыяце адбылося 8 студзеня 2025 г. У гэты дзень арцыбіскуп Санто разам з некаторымі вайсковымі капеланамі цэлебраваў святую Імшу ў касцёле ваеннай турмы ў Санта-Марыя-Капуа-Ветэрэ.
Вымярэнне пілігрымкі, якое пэўным чынам характарызуе жыццё і місію мужчын і жанчын узброеных сіл і паліцыі, адзначае шлях веры кожнага з іх, — адзначыў ён падчас гаміліі, — каб сярод цяжкасцей і радасці, Юбілей быў прывілеяваным часам узрастання ў еднасці з Богам і ў братэрстве, каб «сумесна служыць абароне чалавечага жыцця, справядлівасці і міру».
Як вядома, біскупы ўсіх дыяцэзій і епархій свету вызначылі касцёлы, у якіх можна атрымаць юбілейны адпуст. Сярод касцёлаў, вызначаных вайсковым ардынарыем Італіі, — касцёл у шпітале ў Рыме і ўжо згаданы касцёл у ваеннай турме, а таксама капліцы ў месцах размяшчэння італьянскіх міратворцаў у розных частках свету. Адпустовым касцёлам стала і капліца вучэбнага парусніка «Амерыга Веспучы», які зараз знаходзіцца ў кругасветным падарожжы, якое пачалося ў 2023 годзе.
«Касцёл, які служыць сярод вайскоўцаў, таксама жадае ў Юбілейны год паставіць знакі, якія з’яўляюцца выразам надзеі, якую Касцёл і свет чакаюць ад Бога і якую Бог давярае таксама свету вайскоўцаў», — сказаў арцыбіскуп Марцыяно. – Сярод іх, безумоўна, варта вылучыць юбілейныя «святыні», у якіх нашы ваеннаслужачыя змогуць атрымаць духоўныя даброты, якія вынікаюць з юбілейнага адпусту.
Адным з такіх месцаў будзе карабель «Веспучы», дзе капелан будзе мець заданне суправаджаць маракоў у гэты каштоўны перыяд Юбілею. Падчас доўгага плавання розныя капеланы заўсёды прысутнічалі на парусніку, змяняючы адзін аднаго, ціха, але вельмі эфектыўна суправаджаючы духоўнае жыццё экіпажа, і яны будуць рабіць гэта асаблівым чынам у гэты год Юбілею надзеі».
Vatican News
пераклад Марыны Ткач
