Як справіцца са страхам? Парады ад св. Ігнацыя Лаёлы

Жыць сучаснасцю, рабіць усё, што ад цябе залежыць, і давяраць Богу — гэта тры магутныя рычагі пераадолення любога страху. Святы Ігнацый Лаёла казаў: «Зрабіўшы ўсё, што можаш, ты можаш пакінуць астатняе Таму, Хто мае ўладу рабіць усё, што пажадае».

Па яго словах, трывога і душэўны неспакой не заўгодныя Богу. Таму трэба імкнуцца жыць сённяшнім днём (адзначым, што гэта не значыць зусім не клапаціцца пра будучыню). Ідэя катастрафічных сцэнарыяў, страх перад будучыняй і невядомым — усё гэта грунтуецца выключна на гіпатэтычных магчымасцях і толькі ўзмацняе наш страх. Акрамя таго, трывога можа паралізаваць нас і атруціць наша цяперашняе жыццё.

Найлепшыя лекі ад гэтай атруты — давер і спадзяванне на Божы Провід; але не ўсляпую, а толькі пасля таго, як мы зробім усё магчымае са свайго боку. У лісце, напісаным за год да смерці, святы Ігнацый даў наступную параду:

Св. Ігнацый Лаёла

«Мне здаецца, што ты павінен прыняць добра ўзважанае рашэнне зрабіць усё, на што ты здольны. Не турбуйся аб усім, але давярай Провіду тое, чаго не можаш зрабіць сам. Наша разумная ўважлівасць і руплівасць у выкананні сваіх абавязкаў заўгодна Богу. Ён не любіць турботы і неспакойнасці розуму. Пан жадае, каб нашы абмежаванні і слабасці падтрымліваліся Яго моцай і ўсемагутнасцю; Ён хоча, каб мы верылі: Яго дабрыня здольная кампенсаваць недасканаласць нашых сродкаў.

Тыя, хто бярэцца за шмат спраў, нават з добрымі намерамі, павінны рабіць толькі тое, што могуць, і не засмучацца, калі ў іх не ўсё атрымліваецца, як хацелася б. Але гэта павінна быць толькі пры ўмове, што яны зрабілі ўсё, што чалавечая прырода можа і павінна зрабіць паводле свайго сумлення.

Калі мы пакідаем некаторыя справы незавершанымі, мы не павінны думаць, што Бог чакае ад нас немагчымага; Ён таксама не хоча, каб чалавек пакутаваў з-за сваіх абмежаванняў. Пакуль мы дагаджаем Богу, — што важней, чым дагаджаць людзям, — нам не трэба знясільваць сябе. Зрабіўшы ўсё магчымае, можна пакінуць астатняе Таму, Хто мае ўладу рабіць усё, што пажадае».

Паводле credo.pro
Пераклад Марыны Сінкевіч

для друку для друку