Як правільна ставіцца да адчування, што не выконваеш свае абавязкі перад Богам і блізкімі?

Як пазбавіцца ад самабічавання? Як правільна ставіцца да адчування, што не выконваеш свае абавязкі перад Богам, блізкімі? Як перастаць параўноўваць сябе з навакольнымі і адчуваць сябе на іх фоне нікчэмным? Ганна, 28 гадоў.

Адказвае кс. Артур Ляшнеўскі.

Самабічаванне, незадаволенасць з таго, што я раблю для Бога і іншых, параўнанне сябе з іншымі і пастаяннае прыніжэнне сябе – гэта яскравыя рысы скрупулёзнага чалавека, часта звязаныя з неапрацаваным эгаізмам і, магчыма, нарцысізмам.

У жыцці скрупулёзных асобаў дамінуюць страх і няўпэўненасць. Нібы я горшы за іншых і няздатны да таго ці іншага. Такія самыя адчуванні нараджаюцца наконт адносінаў з Богам у духоўным жыцці. Такія асобы губляюць здольнасць ацэньваць свае паводзіны на практыцы. Хоць яны могуць дакладна ацаніць тэарэтычныя сітуацыі, падобныя да іх, і даць добрыя парады іншым, яны застаюцца бездапаможнымі перад сабой.

Каб зразумець прыроду скрупулёзаў, трэба звярнуцца да лацінскага кораня тэрміна гэтай праблематычнай з’явы. Скрупул – літаральна “каменьчык” – першапачаткова азначаў надзвычай дробную вагу, якая нахіляла шалі толькі самых адчувальных вагаў. Такім чынам, выкарыстанне гэтага слова ў маральным сэнсе азначала залішнюю педантычнасць пры абмеркаванні пытанняў, звязаных з функцыянаваннем сумлення.

Вы можаце параўнаць скрупулі з малюсенькім каменьчыкам, які трапляе ў ваш абутак і робіць любы рух балючым. Праблема, аднак, у тым, што гэтага каменьчыка няма ў чаравіку, хаця карыстальніку абутку здаецца зусім іншае, альбо – што робіць справу яшчэ больш заблытанай – ён не зусім упэўнены, ёсць ён ці не. Такім чынам, скрупулёзны чалавек захоўвае памылковае меркаванне, якое фактычна паралізуе яго.

Часам чалавечыя і духоўныя комплексы нас перапаўняюць… Празмерная самакрытычнасць – не рэдкая праблема, яна часта ўключаецца як аўтапілот у жыцці многіх з нас. У перспектыве гэта можа паўплываць на нашае псіхічнае здароўе і функцыянаванне жыцця.

На падставе ўласнага досведу св. Ігнацый Лаёла прапаноўвае такім асобам як сродак для барацьбы “разважанне пра міласэрнасць”. Гэтая медытацыя базуецца на тым, што чалавек цалкам не ў стане выплаціць велізарную запазычанасць перад Панам, велічыню якой ён нават не можа ацаніць. Гэта становіцца немагчымым, бо чалавек не прымае, што Той, каму ён вінны, даруе, забывае і дае яму незразумелую і свабодную любоў. Гэта вопыт, які здымае хваравітае пачуццё запазычанасці, нараджаючы мір і ўдзячнасць Богу.

Такім чынам, св. Ігнацый раіць актыўна ахопліваць сваё жыццё – значыць выйсці з безнадзейнасці, увайсці ў вопыт вылячэння і ўбачыць сваю будучыню, а не спыняцца ў разбуральным мінулым, на ранах і недахопах. Такая сітуацыя больш не разбурае псіхіку дзякуючы прымірэнню з самім сабой. Прымірэнне, крыніцай якога з’яўляецца Божая міласэрнасць, дае сапраўдны супакой душы.

Кожны з нас – вобраз Божы, унікальны і непаўторны. Гэта значыць, няма горшых у Божых вачах: ёсць іншыя, але не горшыя. Нам трэба больш засяроджвацца не на сваіх ранах, але на ранах Езуса Хрыста, бо ў іх, як кажа прарок Ісая, “аздараўленне нашае”.

З павагай кс. Артур, grodnensis.by

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі