Як быць сведкам евангельскага радыкалізму разважалі мужчыны разам з біскупам Аляксандрам Яшэўскім у Оршы

Ад 29 лістапада па 1 снежня 2024 года ў касцёле св. Юзафа ў горадзе Орша адбыліся духоўныя практыкаванні для мужчын. Тэма рэкалекцый – “Быць сведкам евангельскага радыкалізму”. У іх прынялі ўдзел мужчыны з Мінска, Гродна, Браслава, Ваўкавыска, Ліды, Паставаў, Барысава і Оршы.

Канферэнцыі чытаў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB: «Быць сведкам і сведчыць – гэта не абстрактная ідэя, а канкрэтны крок і канкрэтныя рэчы. Пасткай будзе думаць: «Я пакажу сваю веру і вернасць Богу, калі пачнуцца пераследванні». Сёння, у канкрэтных жыццёвых рашэннях, я станаўлюся на бок Пана альбо супраць яго. Я паказваю людзям навокал Божыя сцяжынкі альбо жыву не так, як Нябесны Айцец гэтага хоча.

Прыклад уласнага жыцця прамаўляе лепш, чым казанні. Дабрата, любоў, радасць і прабачэнне прыцягваюць нашмат мацней. Недастаткова абвяшчаць Божую навуку толькі словам. Трэба таксама жыць навукай і пацвярджаць яе сваімі чынамі ў канкрэтным жыцці. Гэта значыць рабіць так, як зрабіў бы Езус, калі б жыў у гэтую хвіліну на зямлі.

Якім павінен быць сапраўдны кіраўнік? Сапраўдны кіраўнік павінен быць сведкам. Сведка намагаецца не закрываць сабой рэчаіснасць, пра якую сведчыць. Сведка дапамагае бачыць тым, хто не бачыць і хто не бачыць ясна. У рэшце рэшт, некаторыя пачынаюць глядзець і бачыць, бо паверылі яго сведчанню. Прыкладам такога кіраўніка быў св. Апостал Пётр».

Сваімі ўражаннямі пасля рэкалекцый падзяліўся адзін з удзельнікаў: “Дзякуй вялікі арганізатарам, прапаведніку – біскупу Аляксандру Яшэўскаму, айцам-марыянам у Оршы і ўсім мужчынам, якія прыехалі! Мы выдатна правялі час у малітве, разважаннях, супольных абедах і простых размовах! Чакаю наступнага разу для свайго духоўнага ўзбагачэння” (Уладзімір, г. Мінск).

msj.by

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі