Упершыню прадстаўнікі Цэркваў Італіі выпусцілі сумесны “Экуменічны ліст” да Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян, які пройдзе 18-25 студзеня.
Яго падпісалі біскуп Амброджа Спрэафіка, Старшыня камісіі па экуменізме і міжрэлігійным дыялогу італьянскай біскупскай канферэнцыі, новы праваслаўны Мітрапаліт Італіі Палікарп (Стаўропулас) і пастар Лука Марыя Нэгры, Старшыня Федэрацыі Евангельскіх Цэркваў у Італіі.
Спасылаючыся на бягучую пандэмію, аўтары выказалі перакананне, што пасля яе заканчэння ўсё будзе не так, як раней. «Мы марым і хочам, каб усё стала лепш, чым раней, таму што свет усё яшчэ занадта закрануты гвалтам і несправядлівасцю, пыхай і абыякавасцю», — напісалі яны.
Прадстаўнікі трох канфесій падзякавалі тым, хто не паддаўся страху і, падтрыманы прысутнасцю Бога, працягнуў руку дапамогі іншым людзям, быў побач з тымі, хто меў патрэбу ў ежы, сяброўстве і блізкасці. «Нашы Цэрквы і супольнасці знайшлі адзінства ў сведчанні любові, што з’яўляецца найвялікшай каштоўнасцю», — гаворыцца ў лісце.
Аўтары запэўнілі ў малітве за хворых, тых, хто іх лечыць, састарэлых, бежанцаў і «усіх, хто пакутуе ў гэты час», і запрасілі хрысціян маліцца, каб «Пан вылечыў чалавецтва ад зла і пандэміі, несправядлівасці і гвалту і даў адзінства».
Беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку