Гэта фота назвалі здымкам дня многія вядомыя выданні.
Кадр, на якім адлюстравана, як Папа Рымскі Францішак дабраслаўляе маладога чалавека на інваліднай калясцы, абляцела свет. Фота было зроблена ў дзень прыбыцця Пантыфіка ў Панаму, дзе праходзяць каталіцкія Сусветныя дні моладзі. Папа Францішак ехаў на папамабілі па вуліцах з аэрапорта, і ў гэты момант сябры хлопца-інваліда паднялі і трымалі на руках калыску з ім, каб юнак змог убачыць Пантыфіка. Гэта заўважыў Святы Айцец, усміхнуўся і блаславіў маладога чалавека.
Узрушаючы здымак выпадкова зрабіў мясцовы вясельны фатограф, паведамляе польскае агенцтва KAI. Ён адразу і не заўважыў, што патрапіла ў кадр, канцэнтруючыся на папамабілі. Не чакаючы вялікага поспеху, фатограф выклаў здымак у свой Instagram, зрабіўшы яго чорна-белым — каб акцэнтаваць увагу на Папу Францішку і хлопцу-інваліду, бо абодва яны былі апранутыя ў белае. За тры дні кадр набраў каля 20 тысяч лайкаў.
Як высветлілася, на фота – 17-гадовы Лукас Энрыкес з прыгарада Панамы. Ён паралізаваны, з-за чаго не можа хадзіць, рухаць адной рукой, а таксама гаварыць. Ён мае зносіны з людзьмі з дапамогай смартфона. Затое часта усміхаецца і адной рукой, якая працуе, іграе на электрааргане. Гадуе хлопца адна маці – бацька памёр год таму.
Паводле Katolik.life
для друку