Хто шые Папу Францішку арнат для святой Імшы ў Лісабоне?

У партугальскіх майстэрнях па пашыве адзення ўжо вырабляюць 10 тысяч арнат для святароў і біскупаў, якія будуць удзельнічаць у святкаванні Сусветных дзён моладзі.

Папскі арнат, як стала вядома штодзённаму выданню «Correio da Manha», будзе пашыты ў адной з швейных майстэрняў на паўночным захадзе Партугаліі. Адначасова, як паведамляе мясцовая прэса, распачаўся выраб камунікантаў для св. Імшаў СДМ у Лісабоне. Гэтую справу арганізатары даручылі сёстрам кларыскам. Яны выпякаюць гостыі з зерня, сабранага ў цэнтральнай частцы Партугаліі — аграрным рэгіёне Алентэжу. Прыкладна каля дзвюх тон збожжа мясцовыя аграрыі ўжо перадалі для вытворчасці гостый.

Сустветныя дні моладзі ў Лісабоне адбудуцца з 1 па 6 жніўня 2023 года. Удзельнікаў падзеі прымуць тры цэнтральныя дыяцэзіі: Лісабон, Сантарэм і Сетубал. На наступны дзень пасля ўрачыстага пачатку сустрэчы на СДМ прыбудзе Папа Францішак, які падчас знаходжання ў Партугаліі наведае Лісабон, Фаціму і Кашкайш.

credo.pro
пераклад Марыны Ткач

для друку для друку