Год у кляштары ў Аўстрыі – унікальная прапанова для кожнага

Бэнэдыктынскі кляштар. Ілюстрацыйнае фота

60 манаскіх супольнасцей з Аўстрыі, Ліхтэнштэйна і Швейцарыі прапануюць правесці год у кляштары для ўсіх, хто жадае спазнаць манаскае жыццё і зрабіць паўзу ў жыцці.

Праект «Добраахвотны манаскі год» ужо паказаў станоўчыя вынікі ў Аўстрыі, як паведамляе каардынатарка праекта сястра Анна Бухгольц у інтэрв’ю венскаму выданню Sonntag. Праграма адкрыта для жанчын і мужчын любога ўзросту і веравызнання.

«Наша мэта – даць людзям магчымасць зрабіць паўзу ў жыцці і зазірнуць у іншы свет», — падкрэслівае манахіня, якая каардынуе праект з 2023 года.

Манаскія супольнасці прапануюць разнастайныя формы жыцця і служэння. Некаторыя маюць лясныя гаспадаркі, іншыя – бальніцы, дзіцячыя сады, школы ці музеі. «Ёсць супольнасці, якія жывуць сваім пакліканнем ціха, іншыя – больш заўважна і гучна», — тлумачыць сястра Анна, якая сама належыць да кангрэгацыі Місіянерак Хрыста.

Удзельнікі могуць правесці ў супольнасці ад трох месяцаў да года, падзяляючы штодзённае жыццё манахаў: малітвы, сумесныя трапезы, цішыню і працу. Паводле слоў каардынатаркі, рэдка хто пакідае праграму датэрмінова. «Наадварот, большасць застаецца ў кантакце са сваімі супольнасцямі», — адзначае сястра Анна.

кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку