Глядзець у адным кірунку. Сужэнцы Дудко пра знаёмства, адносіны і служэнне

Класік рускай літаратуры Леў Талстой у творы “Ганна Карэніна” зазначыў такую думку: “Усе шчаслівыя сем’і падобныя адна да адной, а кожная нешчаслівая сям’я няшчасная па-свойму”. У пэўны перыяд гэтае сцвярджэнне мяне вельмі зачапіла, прымусіла задумацца над многімі пытаннямі.

Безумоўна, паняцце “сямейнае шчасце” даволі шырокае і складаецца з розных рэчаў. Некаторым парам для шчасця дастаткова ўсмешкі, добрага слова, іншым жа такіх базавых складнікаў аказваецца мала. Усё часцей у сацыяльных сетках можна заўважыць, як маладыя людзі фатаграфуюць і выкладаюць у адкрытым доступе пасведчанні аб разводзе, а некаторыя з гэтай нагоды ідуць у кавярню, запрашаюць гасцей і адзначаюць спыненне адносін з вялікім размахам. Шчыра кажучы, складана зразумець сэнс такіх дзеянняў. Рабіць свята з драматычнай падзеі – ідэя не самая добрая. Магчыма, такім дзіўным чынам людзі хочуць заглушыць душэўны боль, паказаць сваім сябрам і знаёмым, што ў іх жыцці ўсё цудоўна. Хутка сустрэліся, хутка разбегліся. Гэта правіла ўсё часцей стала спрацоўваць на практыцы. Нетрываласць шлюбаў можна патлумачыць легкадумнасцю пры іх заключэнні. Каб мець побач надзейнага жыццёвага спадарожніка, яго трэба вымаліць. Бог ніколі не памыліцца і пашле менавіта таго чалавека, які стане апорай і падтрымкай на жыццёвым шляху. Гэтую ісціну праверыла на сабе мноства сямейных пар. Анастасія і Міхаіл Дудко – у іх ліку.

Насця Дудко нарадзілася і вырасла ў каталіцкай сям’і. З дзяцінства яна была далучаная да касцёла, які наведвала разам са сваімі бацькамі. Менавіта ў той перыяд былі закладзеныя асновы хрысціянскага светапогляду, а дзяўчына далучылася да традыцый сваёй канфесіі. Аднак усвядомленая вера і разуменне яе праўдаў прыйшло значна пазней, падчас вучобы ў медыцынскім універсітэце.

Дзяўчына апынулася ў сталіцы зусім адна. Ёй хацелася знайсці кола сяброў, у якім яна магла б адчуваць сябе камфортна і ўтульна. І такое кола знайшлося. Месцам духоўнасці, сяброўства і адпачынку стала парафія святога Яна Хрысціцеля, што ў Серабранцы. У салезіянскім араторыі пры парафіі моладзь збіралася на катэхезы, знаёмілася, сумесна бавіла час. Дзяўчына памятае той момант, калі ўпершыню трапіла на катэхезы, якія праводзіў ксёндз Павел Шчарбіцкі. Яго словы змаглі зачапіць сэрца студэнткі. У той момант яна пераасэнсавала многія рэчы, зразумела, што жывая вера істотна адрозніваецца ад традыцыйнай. З гэтага часу адносіны з Богам сталі больш даверлівымі, усвядомленымі і гарманічнымі.

Вялікую падтрымку аказвалі і сябры, якія таксама прыходзілі ў араторый і былі своеасаблівымі светачамі для Насці. У той жа час наведваў араторый і Міхаіл. Хлопец тады вучыўся на апошнім курсе БДУІР. Маладыя людзі візуальна ведалі адно аднаго, аднак блізкіх стасункаў не мелі. Насця яшчэ не задумвалася над стварэннем сям’і. Дзяўчына была заглыбленая ў вучобу. А Міхаіл сур’ёзна разважаў над далейшым шляхам. Ён нарадзіўся і вырас у Смаргоні. З дзяцінства хлопца прываблівала салезіянская духоўнасць і тая атмасфера, якая панавала ў араторыі, а асоба Яна Боска падавалася вельмі прыцягальнай. Хацелася працягваць добрую справу святога і працаваць з моладдзю. Міша ў той момант не ведаў, якім чынам ён гэта можа зрабіць. Юнак меркаваў: каб быць з моладдзю і ахвяроўваць свае сілы і таленты, яму належыць стаць салезіянінам. І хлопец зрабіў першы нясмелы крок да мэты – распачаў навіцыят у супольнасці айцоў. Праз малітву, служэнне і шматлікія духоўныя практыкі малады чалавек стаў па-іншаму ўспрымаць жыццё, трансфармаваць уласны светапогляд.

Пэўныя змены адбыліся і ў мысленні Насці. Дзяўчына адчула патрэбу ва ўласнай самарэалізацыі як жонкі і маці. Злавіўшы сябе на гэтай думцы, Насця пачала штодзённа маліцца, выпрошваючы добрага мужа для сябе. Яна працягвала прыходзіць у араторый, як і раней, аказвала дапамогу ў розных справах, была актыўнай удзельніцай усіх мерапрыемстваў. Усё часцей Насця і Міша разам выконвалі пэўныя абавязкі, шмат размаўлялі і разважалі над рознымі пытаннямі. Дзяўчына пачала разумець, што адчувае да Мішы штосьці большае, чым проста сяброўскую сімпатыю. Прыкладна тое самае адчуваў і хлопец. Гэтае разуменне было асабліва цяжкім для дзяўчыны. Не раз на асабістай малітве яна звярталася да Усемагутнага з просьбай прыбраць Мішу з яе жыцця. Яна не хацела перашкодзіць рэалізацыі паклікання маладога чалавека. Аднак Бог зноў і зноў ставіў Мішу на шляху, а пачуццё з цягам  часу ўзмацнялася. “Няўжо Міша – гэта адказ на мае малітвы?” – такое пытанне дзяўчына не раз задавала сабе ў думках. Яно непакоіла і хвалявала.

З цягам часу Міша пакінуў супольнасць айцоў. А яшчэ праз некаторы час пара стала сустракацца. Насця цяжка перажыла гэту падзею. Яна шмат малілася і першапачаткова нікому не расказвала пра адносіны з маладым чалавекам. Аднак сябры пары з разуменнем паставіліся да рашэння быць разам, падтрымалі яго і знаёмыя святары. Калі Насця вучылася на апошнім курсе медыцынскага ўніверсітэта, маладыя людзі вырашылі ажаніцца. У далейшым дзяўчыну чакала размеркаванне. Каб быць разам, закаханыя распісаліся ў сакавіку 2020 года. А шлюб узялі на пяць месяцаў пазней. Жыць разам як муж і жонка Насця і Міша сталі толькі пасля заключэння сакрамантальнага сужэнства.

Насця вельмі спадзявалася на тое, што яе размяркуюць на працу ў Смаргонь. Аднак яе мары не суджана было рэалізавацца. Дзяўчыне выпала працаваць у суседнім Астаўцы. З гэтай нагоды яна вельмі засмуцілася: хацелася разам з мужам працягваць служэнне ў смаргонскім араторыі, быць побач з блізкімі сэрцу святарамі. Астравец жа падаваўся халодным і незнаёмым горадам. Сужэнцы працягвалі два разы на месяц ездзіць у Смаргонь. Там яны аказвалі істотную дапамогу ў якасці аніматараў. Гэтая дзейнасць адцягвала маладую жонку ад сумных думак.

З цягам часу сітуацыя стала выпраўляцца: Міша ўладкаваўся на працу інжынерам, і маладой сям’і выдзелілі асобную кватэру. Гэтая акалічнасць вельмі абрадавала і падбадзёрыла. У лістападзе 2021 года ў сям’і Дудко адбылася важная падзея – на свет з’явіўся сын Марк. Насця цяпер увесь вольны час праводзіла дома з нованароджаным. Толькі два разы на месяц па-ранейшаму разам з мужам ездзіла ў смаргонскі араторый. Служэнне было тым промнем святла, які дапамагаў вырвацца з руціны, пазбавіцца ад адзіноты. Вераніка Рогач, якая таксама працавала ў араторыі, аднойчы прапанавала Насці паспрабаваць сябе ў якасці кансультанта па сімптатэрмальным метадзе распазнання плоднасці. Для гэтага неабходна было паехаць у Оршу на семінар па планаванні сям’і.

Маладая мама запалілася гэтай ідэяй. Разам з мужам і маленькім сынам яна паехала на семінар. Пры гэтым навучанне сужэнцы прайшлі разам. Насці хацелася, каб атрыманая на курсах інфармацыя была карыснай для жанчын. Маладая сям’я наведвала касцёл святых Космы і Дам’яна ў Астраўцы. У пэўны момант дзяўчына сабралася з думкамі і пасля святой Імшы падышла да пробашча Юзафа Багдзевіча з прапановай арганізаваць групы для жанчын пры парафіі. Ксёндз такую ідэю падтрымаў. З вялікім хваляваннем дзяўчына ўпершыню выйшла да амбоны і пачала расказваць пра спецыфіку сімптатэрмальнага метаду. Некалькі жанчын зацікавіліся пытаннем. Так пачалі ўтварацца першыя групы. На занятках Настасся расказвала пра грахоўнасць кантрацэпцыі, прыводзіла аргументы, якія пацвярджалі эфектыўнасць метаду. Нядаўна Анастасія скончыла праводзіць заняткі для трох груп жанчын, якія праходзілі раз на тыдзень на працягу двух месяцаў. Сёння яна чытае лекцыі для параў, якія рыхтуюцца да сакраманту сужэнства. У простай і зразумелай форме яна расказвае пра планаванне сям’і, а таксама пра іншыя важныя аспекты інтымнага жыцця. Зусім нядаўна Анастасія ўдзельнічала ў семінары па перадабортным кансультаванні жанчын, які дапамог атрымаць новыя веды і каштоўны вопыт.

Анастасія і Міхаіл увесь вольны час прысвячаюць працы з дзецьмі. І сёння яны дапамагаюць у смаргонскім араторыі, арганізуюць гульні, квэсты, разнастайныя сустрэчы. Маючы вопыт працы з маладым пакаленнем, сужэнцы вырашылі арганізаваць штосьці падобнае і ў Астраўцы. Святары і сёстры дапамаглі рэалізаваць добрую ініцыятыву. Дзеці і моладзь адгукнуліся на заклік часцей сустракацца. Зараз для маладога пакалення ладзяцца адмысловыя сустрэчы, на якіх дзеці не толькі моляцца і разважаюць пра духоўнае, але яшчэ і разам катаюцца на каньках, глядзяць фільмы, гуляюць у настольныя гульні. Усё гэта збліжае, робіць адной вялікай сям’ёй.

Антуан дэ Сент-Экзюперы калісьці выказаў такую думку: “Кахаць – гэта не значыць глядзець адно на аднаго, кахаць – значыць разам глядзець у адным кірунку”. Сужэнцы Дудко жывуць менавіта згодна з гэтым прынцыпам. Сумесная дзейнасць праз служэнне Богу і Касцёлу робіць пачуццё яшчэ больш трывалым і непарыўным.

Марта Венславовіч

для друку для друку