1881 год, невялікая вёска Лу, размешчаная на поўначы Італіі. Група маці разам з мясцовым пробашчам кожны аўторак сустракаецца на адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту, каб разам маліцца аб святарскіх пакліканнях. Аднак ніхто не чакае такога эфектнага плёну гэтых малітваў…
«Жніво сапраўды вялікае, а работнікаў мала», — пісаў Евангеліст Мацвей. У іншым месцы ён адзначыў, што «шмат пакліканых, але мала выбраных». Бо мы выдатна ўсведамляем, што не ўсе адказваюць на Божы заклік, а калі і адгукаюцца, то не заўсёды паслядоўна гэты заклік рэалізуюць.
Гэта добра бачна, напрыклад, у рэзкім змяншэнні колькасці студэнтаў у духоўных семінарыях. Статыстыка паказвае, што колькасць людзей, якія рыхтуюцца да святарскага пасвячэння, толькі за перыяд з 1992 па 2021 гады зменшылася ажно ў 4 разы. Улічваючы, што крызіс пакліканняў у самым разгары, тым больш дзіўна тое, што адбылося на пачатку ХІХ стагоддзя ў невялікай вёсцы прыкладна ў 90 км ад Турына. Гэта не толькі здзіўляе, але і дае магутны сродак рэальнага і, што важна, эфектыўнага супрацьдзеяння сучаснаму крызісу пакліканняў.
Няхай хоць адзін з маіх сыноў стане святаром!
1881 год, вёска Лу на поўначы Італіі. Група мясцовых маці разам з кс. пробашчам Аляксандрам Канорам вырашылі кожны аўторак сустракацца на адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту, каб разам маліцца аб святарскіх пакліканнях. Акрамя таго, кожную першую нядзелю месяца яны прымаюць Камунію ў гэтай інтэнцыі, а пасля Эўхарыстыі застаюцца на некаторы час, каб зноў прасіць Бога аб пакліканні да святарства канкрэтных людзей. Ідэя малітвы нараджаецца ў сэрцах маці з моцнага жадання, каб хоць адно з іх дзяцей прысвяціла сябе служэнню Пану, стаўшы святаром, законнікам ці манахіняй.
Аднак ні адна з маці ў самых смелых марах не думае, што Бог адкажа на гэтыя заклікі так … велікадушна. Відаць, даверлівая і настойлівая малітва можа чыніць сапраўдныя цуды, бо толькі з вёскі Лу з некалькіх тысяч жыхароў ажно 323 пакліканы да кансэкраванага жыцця. Сярод іх: 152 мужчыны і 171 жанчына. Усе яны вырашылі прысвяціць сваё жыццё поўнаму служэнню Пану, ідучы ў 41 розную кангрэгацыю.
Святы з Лу
Больш за тое, здаралася, што ў дадзенай сям’і было пакліканне не аднаго, а некалькіх дзяцей. У доме Рынальдзі прыпала рэкордная колькасць — сем пакліканняў. «Дзве дачкі пайшлі ў кляштар да сясцёр салезіянак і, пасланыя ў Сан-Дамінга, сталі адважнымі місіянеркамі. З хлопчыкаў пяцёра атрымалі святарскае пасвячэнне ў салезіянаў, а найбольш вядомы з пяці братоў, Філіп Рынальдзі, быў трэцім наступнікам Яна Боска», — гаворыцца ў бюлетэні Супольнасці малітвы.
«Сапраўды, шмат моладзі далучылася да салезіянаў. Гэта невыпадкова, бо Ян Боска чатыры разы ў сваім жыцці хадзіў у Лу. Святы прысутнічаў на першай Імшы Філіпа Рынальдзі, свайго духоўнага сына, у яго родным горадзе. Філіп з любоўю згадваў веру сем’яў з Лу: «Веру, якая прымусіла нашых бацькоў сказаць: Пан даў нам дзяцей, і калі Ён кліча іх, мы, вядома, не можам сказаць «не!»».
На працягу доўгага часу, раз на 10 гадоў, усе пакліканыя ў выніку вядомай малітвы маці з Лу, з’язджаліся ў родную вёску з усяго свету, каб святкаваць і дзякаваць Богу за багацце ласкі, якую яны так шчыра атрымаць у той час.
Папа Францішак заклікае маліцца аб пакліканнях
«Пакліканне — гэта дар і заданне, крыніца новага жыцця і сапраўднай радасці. Няхай малітоўныя і анімацыйныя ініцыятывы, звязаныя з гэтым Днём, умацоўваюць свядомасць паклікання ў нашых сем’ях, парафіяльных і кансэкраваных супольнасцях, касцёльных асацыяцыях і рухах», — напісаў Папа Францішак у сваім пасланні на 60-ы Сусветны дзень малітваў аб пакліканнях.
Узгадваючы дзень 21 верасня 1953 г., калі сам пачуў заклік, ён адзначыў, што гэта быў паступовы працэс, дынамічныя адносіны, у якіх суразмоўцамі былі Бог і сэрца чалавека, але таксама «перапляценне выбару Бога і свабоды чалавека».
І менавіта для таго, каб пакліканне было заўважана, каб выбар быў зроблены і паслядоўна рэалізаваны, патрэбна наша малітва. Ці зможам мы знайсці такую адкрытасць на Божую волю, каб, як маці з Лу, з даверам аддаць у Яго рукі самых дарагіх дзяцей?
Малітва маці з Лу Манферата:
Пане ўчыні, каб адзін з маіх сыноў стаў святаром! Я сама хачу жыць як добрая хрысціянка і весці сваіх дзяцей да дабра, каб атрымаць гэтую ласку, каб мець магчымасць ахвяраваць Табе, Пане, святога святара. Амэн.
Паводле stacja7.pl
Пераклад Марыны Сінкевіч