«Гэта Ватыкан»… Беларускія іерархі наведалі з візітам Апостальскую Сталіцу

З 18 па 22 лютага беларускія іерархі – арцыбіскуп Юзаф Станеўскі і біскуп Аляксандр Яшэўскі – наведалі Ватыкан. Яны правялі шэраг важных сустрэчаў, хоць некаторыя з запланаваных спатканняў правесці не атрымалася.

20 лютага ў Дзяржсакратарыяце іерархі сустрэліся з кардыналам П’етра Паралінам. У сустрэчы ўдзельнічаў таксама беларускі святар Раман Суша, які зʼяўляецца доктарам тэалогіі і выкладае ў папскіх універсітэтах у Рыме. «Мы падрабязна абмеркавалі актуальную сітуацыю Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, асаблівую ўвагу надаўшы пытанням узаемадзеяння з дзяржаўнымі ўладамі і міжканфесійнаму дыялогу», – паведаміў арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі.

Паводле арцыбіскупа Станеўскага, кардынал Паралін «цікавіўся і канкрэтным жыццём нашых вернікаў, і адначасова нашага грамадства». Абмяркоўвалася перарэгістрацыя парафій паводле новага закона аб рэлігіі, стварэнне акадэміі імя Яна Паўла II у Мінску, якая была зарэгістраваная яшчэ ў 2014 годзе, але так і не пачала дзейнасць. Апроч таго, уздымаліся пытанні семінарыі, семінарыстаў, тэалагічных каледжаў. «Цікавіўся кардынал Паралін і справай Чырвонага касцёла ў Мінску і персанальнымі справамі святароў. Адчувалася, што ён ведае агульныя справы нашага Касцёла і бачыць іх праз прызму Касцёла Паўсюднага», – сказаў арцыбіскуп у інтэрв’ю Vatican News.

Пасля сустрэчы з Паралінам беларускія іерархі сустрэліся з кардыналам Клаўдыё Гуджэроці – прэфектам Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў, які ў 2011-2015 гадах быў Апостальскім нунцыем у Беларусі, а 17 снежня 2020 года наведваў Мінск у якасці спецпасланніка Папы Францішка. Арцыбіскуп Станеўскі адзначыў, што кардынал Гуджэроці «вельмі добра ведае нашы рэаліі і спазнаў характар «беларускага верніка». На гэты раз кардынал казаў пра тэалагічныя справы, узгадваючы «матрошку»: для дзяцей забава, для тэолагаў – адкрыццё новых тэорый пра адно і тое ж, бо «ва ўсім прысутнічае Бог». Гэтым выказваннем кардынал Клаўдыё і падтрымаў нас», – сказаў ён.

А вось запланаваная на 21 лютага сустрэча з Папам Францішкам была адкладзеная з прычыны шпіталізацыі Пантыфіка. Хоць, як сказаў арцыбіскуп Станеўскі, перадача таму прывітання ад Аляксандра Лукашэнкі «стала адной з мэтаў майго візіту ў Рым».

Падчас візіту ў Ватыкан беларускія біскупы ўдзельнічалі таксама ў біскупскім пасвячэнні з рук кардынала Клаўдыё Гуджэроці святара Філіпа Чампанэлі, які працаваў сакратаром апостальскай нунцыятуры ў Мінску ў 2011-2014 гадах. З 2024 года ён з’яўляецца падсакратаром Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў.

Арцыбіскуп Станеўскі адзначыў, што быў здзіўлены ўзроўнем ведаў у Ватыкане пра сітуацыю ў Беларусі і пра яго асабіста: «Былі і асабістыя пытанні, пра якія я і не меркаваў, што ён (кардынал Паралін – рэд.) можа ведаць. Убачыўшы маё здзіўленне пытаннем, патлумачыў: «Гэта Ватыкан».

У цэлым за 33 гады ад моманту ўсталявання дыпламатычных стасункаў у Ватыкане назбіраўся, відаць, добры масіў інфармацыі адносна сітуацыі ў Беларусі. Як ужо было адзначана, з Беларуссю непасрэдна звязаныя кіраўнік Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў кардынал Клаўдыё Гуджэроці і ягоны намеснік біскуп Філіпа Чампанэлі. У 2015 годзе Беларусь наведваў з афіцыйным візітам Дзяржаўны сакратар Ватыкана кардынал П’етра Паралін. А ў верасні 2020 года з візітам у Мінску быў і сакратар па сувязях з дзяржавамі арцыбіскуп Пол Рычард Галахер.

Сваю экспертызу адносна Беларусі могуць прадставіць і іншыя апостальскія нунцыі ў Мінску, якія працягваюць працу на ніве ватыканскай дыпламатыі: Апостальскі нунцый у Канадзе Іван Юркавіч (працаваў у Мінску ў 2001-2004 гадах), у Новай Зеландыі і краінах Акіяніі – Габар Пінтэр (у Мінску працаваў у 2016-2019 гадах) і ў Арменіі ды Грузіі – Антэ Ёзіч (у Мінску – ў 2020-2024 гадах). У 2023 годзе кардыналам стаў Агастына Маркета, які быў Апостальскім нунцыем у Беларусі ў 1994-1996 гадах.

Не варта забывацца і пра ўласна беларускую прысутнасць у Ватыкане, у прыватнасці, пра святара Рамана Сушу, які прысутнічаў на сустрэчы беларускіх іерархаў у Дзяржсакратарыяце, або пра працу беларускай рэдакцыі Vatican News, заснаванай яшчэ ў 1950 годзе.

Можна меркаваць, што на сустрэчах у Ватыкане абмяркоўвалася далейшая супраца з Беларуссю, у тым ліку прызначэнне новага Апостальскага нунцыя ў Мінску і адкрыццё паўнавартаснай амбасады Беларусі пры Святым Пасадзе, як і прызначэнне на пасаду амбсадара Юрыя Амбразевіча. Супадзенне ці не, але праз месяц пасля сустрэчы з кіраўніцтвам Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў Апостальскую нунцыятуру ў Мінску ўзначаліў усходнекаталіцкі святар Іньяцыё Чэфаліа.

Мечыслаў Гапановіч

для друку для друку