9 мая 2022 года ў Дзеркаўшчыне, што на Глыбоччыне, урачыста адзначылі 200-годдзе з часу заснавання парафіяльнага касцёла Унебаўшэсця Пана.
З гэтай нагоды цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы ўзначалілі біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч, арцыбіскуп на пенсіі Тадэвуш Кандрусевіч і святары, якія прыехалі, каб раздзяліць радасць святкавання разам з Дзеркаўшчынскай парафіяй.
Касцёл пад тытулам Унебаўшэсця Пана заснаваны 7 мая 1822 года, пра што сведчыць памятная шыльда.
Шаноўных гасцей – біскупа Алега і арцыбіскупа Тадэвуша – вернікі прывіталі хлебам-соллю перад святыняй.
На самым пачатку Імшы мясцовы пробашч кс. канонік Валерый Орсік прывітаў прысутных святароў і вернікаў і падкрэсліў, што “гэта гістарычная падзея для ўсёй Віцебскай дыяцэзіі. Сёння распачынаецца далейшы адлік нашай святыні”.
“200 год у гісторыі Сусвету – невялікая адлегласць часу, але ў гісторыі чалавека – гэта дастаткова вялікі перыяд. 200 год на зямлі, якая няспынна перажывае войны, зямлі, якая акропленая крывёй шматлікіх мучанікаў, цешыцца гэтай святыняй, якая перажыла няпростыя гады, часы выпрабавання. Гэта знак прысутнасці Божай на гэтай зямлі”, — прамовіў старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі.
Касцёл пабудаваў у пачатку ХІХ стагоддзя ўладальнік тых мясцін Лявон Дамейка. Гэта быў час, калі нашы землі ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай трапілі ў склад Расійскай імперыі, а царская ўлада ў той час забараняла будаваць каталіцкія храмы. Таму Дамейка пайшоў на падман, ён пачаў будаваць касцёл як свіран, а ўжо пасля яго ўдалося асвяціць як касцёл.
Праўда, па злой іроніі лёсу, храм усё ж быў некаторы час свірнам. У 1960 годзе, пасля смерці тагачаснага пробашча ксяндза Яна Макшэцкага, храм у вернікаў быў забраны і ператвораны ў збожжасховішча. Потым доўгі час ён стаяў наогул закінуты.
У 1989 годзе напаўразбураная святыня была вернутая парафіі. Пачаліся працы па яе аднаўленню. Нягледзячы на цяжкасці з будматэрыяламі і фінансамі ў той няпросты час святыня была адноўленая за дзесяць месяцаў. Гэта сталася дзякуючы вялікай самаахвярнасці і энтузіязму людзей.
З нагоды юбілею, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падчас гаміліі ўзгадаў 1980-90-ыя гады, калі вярталася і як аднаўлялася гэта святыня. І нарэшце, “сталася тое, што павінна было стацца. Справядлівасць стала на сваім месцы, праўда стала на сваім месцы. Праўду і справядлівасць можна замаўчаць, можна пахаваць, але яна ўваскрэсне. І ваш касцёл сведкам гэтаму”.
Прывітальны ліст са словамі віншавання да парафіян у вёсцы Дзеркаўшчына скіраваў ардынарый Іркуцкай дыяцэзіі біскуп Кірыл Клімовіч, які не змог прыехаць, але духоўна яднаўся ў малітве. Іерарх падкрэсліў у лісце, што «святкаванне юбілею адначасова з’яўляецца і заданнем, каб у наступным стагоддзі вера не аслабла ў сэрцах людзей, каб не паддаваліся спакусе жыцця толькі для цела, і каб гэтая ўзнёслая святыня магла весці да Бога ўсё больш вызнаўцаў Езуса Хрыста. Гісторыя наступнага стагоддзя ўжо сёння залежыць ад нас»
Напрыканцы Імшы са словамі падзякі да біскупаў звярнулася Ірына Дземідовіч, якая будучы ва ўзросце сваёй дачкі Кацярыны, 32 гады таму 15 мая вітала біскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які асвяціў адноўленую святыню.
Пасля бласлаўлення адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту. Вернікі разам са святарамі памаліліся Літаніяй да святога Мікалая, а потым прайшлі святочнай працэсіяй вакол касцёла.
Трэба адзначыць, што ўрачыстасці вельмі паспрыяла надвор’е, якое ў гэты дзень было проста цудоўным. Ярка свяціла сонейка, вакол касцёла ўсё патанала ў квецені садоў. А таму свята ў парафіі толькі малітвай не закончылася. Вернікаў чакаў яшчэ салодкі пачастунак і канцэрт на вуліцы.
Марына Сінкевіч, тэкст і фота
Леанід Юрык, відэа