Джо Абдэль Сатэр, ліванскі католік і інструктар па плаванні, з дапамогай сяброў стварыў самы вялікі ў свеце ружанец, які хістаецца на хвалях Міжземнага мора. Як паведамляе CNA, ідэя прыйшла яму ў галаву падчас штодзённага сузірання марскіх хваляў, у якіх ён бачыў абрысы ружанца.
Сатэр думаў над гэтым паўгода, а потым распавёў пра сваю ідэю мэру горада Буа і святару мясцовай парафіі, і атрымаў благаславенне на яе рэалізацыю. Аднак ажыццявіць пэўную ідэю аказалася не так проста. «Я месяц ламаў галаву над тым, якія матэрыялы выкарыстоўваць — дрэва ці пенапласт? Як захаваць форму ружанца сярод хваль і прыліваў?» — кажа мужчына.
Ружанец, даўжыня якога складае 100 метраў, быў створаны з меншых белых пластыкавых збаноў белага колеру (пацеркі «Вітай, Марыя») і большых блакітных (пацеркі «Ойча наш»). Крыж зроблены з дрэва.
«Я нырнуў і прывязаў пацеркі вяроўкай да падводных камянёў», — сказаў Сатэр. «Такім чынам, форма ружанца застаецца непашкоджанай, нягледзячы на зменлівыя прылівы». Інсталяцыя была абсталявана лямпамі, якія ўначы выпраменьваюць яркае святло. Абдэль Сатэр падаў заяўку на ўнясенне сваёй працы ў Кнігу рэкордаў Гінеса.
Для мясцовых вернікаў гіганцкі ружанец стаў цэнтрам свята Маці Божай Валадаркі мора, якое адзначалася 11 мая. «Мы сабралі, каб памаліцца падчас св. Імшы і падзякаваць Найсвяцейшай Маці. Гэта сімвалізуе нашу ўсходне-каталіцкую адданасць Марыі, сказаў кс. Ферэз Таўк.
«Як верныя католікі, мы з’яўляемся гэтымі пацеркамі і наша супольнасць аб’ядноўвае нас на бурных хвалях жыцця». «Без гэтай еднасці нават самага моцнага ў веры чалавека можа знесці хвалямі», — дадаў святар. — Але ідучы разам з Езусам, нашым якарам, мы можам сустрэць любую буру і знайсці адкупленне. Такім чынам мы становімся падобнымі да Марыі, якая цвёрда стаяла ў сваёй веры пад крыжам, разумеючы, што ахвяра Езуса з’яўляецца пачаткам збаўлення.
Па матэрыялах credo.pro
пераклад Марыны Ткач