Германія: у саборы Кёльна цяпер будуць браць плату за ўваход

Наведвальнікам знакамітага Кёльнскага сабора, адной з самых вядомых нямецкіх архітэктурных славутасцяў, з гэтага часу прыйдзецца плаціць за ўваход.

Такое рашэнне было прынята з-за няздольнасці касцельных уладаў самастойна пакрыць выдаткі на ўтрыманне будынка, якія пастаянна растуць. Як піша выданне Crux, капітул сабора абвясціў, што плата за ўваход для турыстаў будзе ўведзена ў другой палове гэтага года, аднак дакладны памер збору пакуль не ўдакладняецца.

Гатычны сабор з двума шпілямі, будаўніцтва якога пачалося ў 1248 годзе і завяршылася ў 1880 годзе, узвышаецца над галоўным чыгуначным вакзалам Кёльна каля ракі Рэйн і дамінуе над панарамай горада. У 1996 годзе будынак святыні быў уключаны ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Штогод сабор наведваюць каля 6 мільёнаў чалавек.

Па заяве капітула, інфляцыя і рост выдаткаў на персанал прывялі да пастаяннага павелічэння выдаткаў на эксплуатацыю будынка. У гэтым годзе на ўтрыманне сабора плануецца выдаткаваць каля 16 мільёнаў еўра. Адначасова рэзервы, якія выкарыстоўваліся для пакрыцця дэфіцыту фінансавання ў апошнія гады, амаль вычарпаліся. Часткова гэта звязана з тым, што платныя экскурсіі па вежы і скарбніцы сабора былі доўгі час немагчымыя падчас пандэміі COVID-19.

Касцельныя ўлады спрабавалі зэканоміць грошы — напрыклад, не наймаючы новых супрацоўнікаў на замену тым, хто звальняецца з архітэктурнага бюро сабора. Аднак прадстаўнікі сабора адзначаюць, што прынятых мер недастаткова для вырашэння праблемы ў доўгатэрміновай перспектыве.

Наведвальнікі, якія ўваходзяць у сабор для ўдзелу ў набажэнствах або для малітвы ў спецыяльна адведзеных месцах, будуць вызваленыя ад аплаты збору. Як паведамляе нямецкае інфармацыйнае агенцтва са спасылкай на дэкана сабора Гвіда Асманна, турысты складаюць каля 99% ад агульнай колькасці наведвальнікаў.

credo.pro
Пераклад Марыны Ткач

для друку для друку