Святы Айцец у чарговы раз наведае італьянскі горад Асізі. Візіт адбудзецца 20 верасня і будзе прымеркаваны да заканчэння Сусветнага дня малітвы за мір. Адмысловае паведамленне Залы Друку Апостальскай Сталіцы было апублікавана 18 жніўня.
Сёлетні Сусветны дзень малітвы за мір пройдзе 18-20 верасня. У ім прымуць удзел каля 400 прадстаўнікоў рэлігій, палітыкаў і дзеячаў культуры, сярод якіх: Патрыярх Канстантынопальскі Барталамей І, Прымас Англіканскай Царквы архіепіскап Кентэрберыйскі Джасцін Уэлбі, кіраўнік універсітэта аль-Азхар імам Ахмед эль-Таэб, Прэзідэнт Італіі Серджа Матарэла.
Тэмай сустрэчы будзе: “Прагненне міру: рэлігіі і культуры ў дыялогу”. Падзея стане юбілейнай – яна адбудзецца ўжо ў трыццаты раз. Упершыню Сусветны дзень малітвы за мір прайшоў у Асізі ў 1986 г. па ініцыятыве св. Яна Паўла ІІ.
Для Папы візіт на радзіму св. Францішка стане ўжо трэцім. Апошні раз ён наведаў гэты горад з прыватным візітам 4 верасня з нагоды 800-годдзя ўстанаўлення адпусту, вядомага пад назвай “Асізскае дараванне”.
для друку