Невядомы ахвярадаўца пакінуў за фігурай святога Антонія ў касцёле ў Вамбрэшы (Францыя) два залатыя зліткі, а потым ананімна патэлефанаваў пробашчу са словамі «гэта на рамонт».
«Дапамога Божага Провіду» у грашовым эквіваленце складае 150 тысяч еўра. Гэтая незвычайная падзея адбылася яшчэ ў ліпені, але гісторыя пра золата разышлася па СМІ толькі цяпер, калі гарадскі савет Вамбрэшы прагаласаваў за прыняцце таямнічага ахвяравання.
У Францыі Касцёл аддзелены ад дзяржавы, і згодна з актам 1905 г. усе касцёлы перайшлі ва ўласнасць муніцыпалітэтаў — за выключэннем сабораў, якія належаць дзяржаве, і таму дзяржава нясе адказнасць, у прыватнасці, на ўтрыманне маёмасці, у тым ліку на кансервацыйныя работы.
У сітуацыі з неагатычным касцёлам у Вамбры ўжо праведзены работы ў бакавых прыбудовах і хорах, у прыватнасці, работы па ачыстцы ад грыбка; але не было сродкаў на рамонт галоўнага нефа. Гэты прабел у гарадскім бюджэце запоўнілі залатымі зліткамі, якія «упалі з неба». Больш за тое: дзякуючы падтрымцы ананімнага ахвярадаўцы пасля завяршэння неабходнага рамонту (прыкладная сума 120-130 тысяч еўра) у касе яшчэ застанецца немалая сума.
Вамбрэшы — французская камуна з насельніцтвам 9 тысяч чалавек, размешчаная паміж Лілем і Рубэ. Парафіяльны касцёл быў асвечаны ў імя святога Ведаста Араскага, французскага біскупа V ст.
Менавіта ў гэтым касцёле ананімны ахвярадаўца пакінуў два залатыя зліткі за фігурай святога Антонія Падуанскага, якая стаіць у бакавым нефе. «Пасля гэтага ён патэлефанаваў мне і распавёў, што і менавіта дзе я знайду, і на што павінны быць накіраваны даходы ад продажу золата», — распавядае айцец Дамінік Лемаё.
Пробашч прызнаўся: спачатку падумаў, што гэта жарт; але пайшоў праверыць — і знайшоў за фігурай святога «дапамогу з неба». Побач са зліткамі ляжала запіска аб тым, што золата неабходна перадаць камуне для завяршэння кансервацыйных работ у касцёле. Намер ахвярадаўцы ажыццявіўся.
Паводле opoka.org.pl
пераклад Марыны Ткач