Фінал VI Дыяцэзіяльнага конкурсу на веданне Святога Пісання прайшоў у Віцебску

4 мая ў Віцебску прайшоў фінал конкурсу на веданне Святога Пісання. Месцам правядзення конкурсу ўжо традыцыйна стаў катэдральны касцёл Езуса Міласэрнага.

У гэтым годзе была абрана наступная тэма конкурсу: “Цуды Езуса Хрыста ў Евангеллях”, а старэйшая катэгорыя была пашырана да 17 год. “Неаднойчы катэхеты прасілі пашырыць узроставую катэгорыю ўдзельнікаў. Што датычыць тэмы конкурсу, цуды Езуса паказваюць дзейнасць Езуса Хрыста на зямлі, таму павінны наблізіць чытача да Яго асобы, да таго ж цуды вельмі вобразна апісаны ў Евангеллях, іх лягчэй запомніць” – кажа сястра Марыя Шамовіч BDNP – дырэктар катэхетычнага аддзела, арганізатар конкурсу.

Перад урачыстым адкрыццём конкурсу ўдзельнікі сабраліся на св. Імшы, якую ўзначаліў біскуп Алег Буткевіч. На пачатку біскуп Алег прывітаў прысутных святароў, катэхетаў, дзяцей і моладзь, і пажадаў поспехаў удзельнікам конкурсу, дадаўшы “Памятайце, вы ўжо пераможцы”. Затым ён падзякаваў арганізатарам конкурсу: Нацыянальнаму Карытас і яго дырэктару кс. Андрэю Аніскевічу, Віцебскаму Карытас і яго дырэктару а. Аляксандру Сапелю SDS, с. Марыі Шамовіч BDNP, с. Мажэне Вельгус BDNP і іншым арганізатарам. Таксама біскуп Алег падзякаваў катэхетам за добрую падрыхтоўку ўдзельнікаў.

Падчас казання біскуп Алег яшчэ раз павіншаваў удзельнікаў з распачаццем фіналу конкурсу і пажадаў ім каб набытыя веды не толькі дапамаглі перамагчы, а кранулі сэрца і засталіся ў іх жыцці на доўгія гады.

Пасля св. Імшы ўдзельнікі сабраліся на вуліцы каля касцёла, дзе адбылося адкрыццё фіналу конкурсу. Вядучая прывітала канкурсантаў іх душпастыраў і катэхетаў і прадставіла ім журы. Таксама падчас адкрыцця ўдзельнікі былі азнаёмленыя з правіламі конкурсу.

Конкурс праходзіў у 2 этапы. Першы этап доўжыўся 45 хвілін, за гэты этап кожны ўдзельнік мог атрымаць 30 балаў. Пасля таго, як работы першага этапу былі правераныя, журы адабрала па 7 лепшых работ удзельнікаў з кожнай катэгорыі, якія былі дапушчаны да напісання другога этапу. Другі этап доўжыўся 30 хвілін, за гэты этап магчыма было набраць 10 балаў. Пасля таго, як усё было праверана пачалася цяжкая і адказная праца абрання пераможцаў.

У вольны час удзельнікі конкурсу забаўляліся праз гульні і танцы на вуліцы. Цікавыя забавы і конкурсы арганізавалі с. Мажэна Вельгус BDNP разам з моладдзю парафіі св. Антонія.

Пасля напісання другога этапу і кароткага перапынку пачалася цырымонія ўзнагароджвання. Кожны ўдзельнік фіналу атрымаў з рук біскупа Алега дыплом і прыз. Без увагі не засталіся і катэхеты, якія на працягу ўсяго году рыхтавалі ўдзельнікаў. Пасля чаго былі аб’яўлены пераможцы:

Пераможцамі I катэгорыі (да 11 год) сталі:

  • 1 месца – Роман Мілана – парафія Маці Божай Ружанцовай аг. Ракаў;
  • 2 месца – Чучкоў Андрэй – парафія св. Уладзіслава г. Віцебск;
  • 3 месца – Хілько Андрэй – парафія св. Яна Хрысціцеля г. Мінск;

Пераможцамі II катэгорыі (да 17 год) сталі:

  • 1 месца – Сіняўская Паліна – парафія Святой Тройцы г. Глыбокае;
  • 2 месца – Якубовіч Дар’я – парафія Нараджэння Маці Божай г. Браслаў;
  • 3 месца – Кароль Яна — парафія Нараджэння Маці Божай г. Браслаў.

Сваім уражаннем падзялілася пераможца конкурсу ў малодшай катэгорыі Роман Мілана: “У гэтым годзе замест двух кніг мы рыхтаваліся па чатырох, гэта было шмат цяжэй. Канешне, я доўга рыхтавалася, але не чакала, што перамагу. Думала, можа буду на трэцім месцы.”

На заканчэнне ўсе ўдзельнікі, катэхеты і арганізатары сабраліся на ступенях касцёла каб зрабіць агульнае фота.

Лаліта Арлоўская, тэкст
Васіліна Аўчыннікава, фота

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі