Фільм “Звычайны Джо” (Average Joe)

Джозэф (Джо) Кэнэдзі – вядомы амерыканскі футбольны трэнер. Ён стаў сусветна вядомым дзякуючы інцыдэнту з судовай цяжбай за магчымасць публічна маліцца, якая працягвалася каля сямі гадоў. Увесь гэты час спадар Джозэф імкнуўся абараніць свае канстытуцыйныя правы на свабоду слова і свабоду веравызнання, якія, на яго думку, былі парушаныя школьнай акругай Брэмертан.

У 2023 годзе выйшлі яго мемуары “Звычайны Джо: Вера аднаго чалавека і барацьба за змену нацыі”. А ў 2024-м свет пабачыла кінастужка кампаніі GND Media Group і Pinnacle Peak Pictures.

Звычайна ў хрысціянскіх фільмах паказаныя моцная і безумоўная вера, цёплыя сямейныя адносіны, трывалае каханне. Але гэтая гісторыя крыху іншая. Яе распавядае пара Джо і Дэніз Кэнэдзі.

У дзяцінстве ад хлопца адмовілася маці, і ён трапіў у прыёмную сям’ю. У гэтай сям’і падлетку самотна і няўтульна, а школа яго зусім не цікавіць. Джо знаходзіць “індывідуальны спосаб навучання”,… гуляючы ў більярд у бары.

А яшчэ ён сустракае суседку Дэніз – дзяўчынку, якая мае маці і бацьку, але не мае супакою ў сэрцы. Дэніз моліцца і запрашае да малітвы Джо. Дзеці разам звяртаюцца да Бога і разам не ведаюць, ці чуе Ён іх.

Трэба зазначыць, што хлопец зусім не быў анёлам. Цяжкія ўмовы жыцця прыводзяць яго да разумення: усе справы можна вырашыць пры дапамозе сілы і кулакоў. Як гэтыя абставіны паўплывалі на гісторыю Джо і Дэніз, вы даведаецеся падчас прагляду.

Шмат змянялася ў лёсах герояў, але нязменным засталося адно: малітва і давер да Бога. Цікавы момант: шлюб паміж Джо і Дэніз адбыўся толькі праз 27 гадоў пасля першай сустрэчы. Разам сужэнцы наведвалі царкву, разам імкнуліся разумець волю Пана і чытаць Яго знакі.

Малады Кэнэдзі нечакана становіцца трэнерам футбольнай каманды. Ён адразу праяўляе сябе неардынарна. Трэніроўкі распачаліся са змены капітана і ўвядзення жорсткіх правіл. Але з цягам часу ў камандзе змянілася атмасфера. Хлопцы вельмі хутка сталі не проста выхаванцамі для трэнера, а сапраўднымі дзецьмі для Джо і Дэніз.

А яшчэ трэнер Джо паабяцаў Богу, што будзе маліцца і праслаўляць Яго пасля кожнага матчу. Мужчына выканаў абяцанне і схіляў калені публічна на стадыёне. Гэта быў смелы і рашучы крок простага чалавека. Крок, які прывёў да новых выпрабаванняў не толькі для Бэна, але і для Дэніз. Так распачалася гісторыя змагання даўжынёй у сем гадоў. Бо акурат сем гадоў трэнер змагаўся за магчымасць публічна вызнаваць сваю веру, дайшоўшы нават да Вярхоўнага суда ЗША.

Наколькі моцная мая вера? Ці гатовы я публічна вызнаваць тое, што я хрысціянін і звяртацца да Бога, нават не чуючы Яго адказаў? Ці варта да апошняга змагацца за свае каштоўнасці?

Над гэтымі пытаннямі кожны можа паразважаць падчас прагляду кінастужкі.

Вікторыя Філіпенка

для друку для друку