- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Фільм “Звычайны Джо” (Average Joe)

[1]Джозэф (Джо) Кэнэдзі – вядомы амерыканскі футбольны трэнер. Ён стаў сусветна вядомым дзякуючы інцыдэнту з судовай цяжбай за магчымасць публічна маліцца, якая працягвалася каля сямі гадоў. Увесь гэты час спадар Джозэф імкнуўся абараніць свае канстытуцыйныя правы на свабоду слова і свабоду веравызнання, якія, на яго думку, былі парушаныя школьнай акругай Брэмертан.

У 2023 годзе выйшлі яго мемуары “Звычайны Джо: Вера аднаго чалавека і барацьба за змену нацыі”. А ў 2024-м свет пабачыла кінастужка кампаніі GND Media Group і Pinnacle Peak Pictures.

Звычайна ў хрысціянскіх фільмах паказаныя моцная і безумоўная вера, цёплыя сямейныя адносіны, трывалае каханне. Але гэтая гісторыя крыху іншая. Яе распавядае пара Джо і Дэніз Кэнэдзі.

У дзяцінстве ад хлопца адмовілася маці, і ён трапіў у прыёмную сям’ю. У гэтай сям’і падлетку самотна і няўтульна, а школа яго зусім не цікавіць. Джо знаходзіць “індывідуальны спосаб навучання”,… гуляючы ў більярд у бары.

А яшчэ ён сустракае суседку Дэніз – дзяўчынку, якая мае маці і бацьку, але не мае супакою ў сэрцы. Дэніз моліцца і запрашае да малітвы Джо. Дзеці разам звяртаюцца да Бога і разам не ведаюць, ці чуе Ён іх.

Трэба зазначыць, што хлопец зусім не быў анёлам. Цяжкія ўмовы жыцця прыводзяць яго да разумення: усе справы можна вырашыць пры дапамозе сілы і кулакоў. Як гэтыя абставіны паўплывалі на гісторыю Джо і Дэніз, вы даведаецеся падчас прагляду.

Шмат змянялася ў лёсах герояў, але нязменным засталося адно: малітва і давер да Бога. Цікавы момант: шлюб паміж Джо і Дэніз адбыўся толькі праз 27 гадоў пасля першай сустрэчы. Разам сужэнцы наведвалі царкву, разам імкнуліся разумець волю Пана і чытаць Яго знакі.

Малады Кэнэдзі нечакана становіцца трэнерам футбольнай каманды. Ён адразу праяўляе сябе неардынарна. Трэніроўкі распачаліся са змены капітана і ўвядзення жорсткіх правіл. Але з цягам часу ў камандзе змянілася атмасфера. Хлопцы вельмі хутка сталі не проста выхаванцамі для трэнера, а сапраўднымі дзецьмі для Джо і Дэніз.

А яшчэ трэнер Джо паабяцаў Богу, што будзе маліцца і праслаўляць Яго пасля кожнага матчу. Мужчына выканаў абяцанне і схіляў калені публічна на стадыёне. Гэта быў смелы і рашучы крок простага чалавека. Крок, які прывёў да новых выпрабаванняў не толькі для Бэна, але і для Дэніз. Так распачалася гісторыя змагання даўжынёй у сем гадоў. Бо акурат сем гадоў трэнер змагаўся за магчымасць публічна вызнаваць сваю веру, дайшоўшы нават да Вярхоўнага суда ЗША.

Наколькі моцная мая вера? Ці гатовы я публічна вызнаваць тое, што я хрысціянін і звяртацца да Бога, нават не чуючы Яго адказаў? Ці варта да апошняга змагацца за свае каштоўнасці?

Над гэтымі пытаннямі кожны можа паразважаць падчас прагляду кінастужкі.

Вікторыя Філіпенка