Удзел у Парафіядзе, якая адбылася 26 жніўня, прынялі чатыры парафіі з Віцебска (св. Антонія з Падуі), Лынтуп (св. Апостала Андрэя), Дзеркаўшчыны (Унебаўшэсця Хрыста) і Канстанцінава (Святой Тройцы).
Пасля рэгістрацыі ўдзельнікаў чакала ўрачыстае адкрыццё, якое распачалося святой Імшой. Да моладзі з канферэнцыяй звярнуўся кл. Антон Тышко, дзе паразважаў аб тым, каб кожны, маючы ў сваім сэрцы Езуса, дзяліўся Ім з іншымі.
Парафіяда – гэта фармацыя дзяцей і моладзі паводле трыяды: стадыён–тэатр–святыня. Таму падчас спаборніцтваў каманды ўдзельнічалі ў спартыўных і музычным конкурсах, прадставілі сваю візітку, а таксама адбыўся конкурс ведаў па Бібліі і гісторыі Літаніі да Найсвяцейшага Сэрца Езуса.
У гэтым годзе парафіяда праходзіла адзін дзень, але ён быў вельмі насычаным. Спаборніцтвы пачаліся з конкурса візітных картак, дзе мы змаглі пазнаёміцца бліжэй з парафіямі ўдзельнікаў. Потым адбыўся конкурс песні, тэмай якога быў сам дэвіз парафіяды “Езу, у сэрцы Ты маім”.
Наступным быў біблійны конкурс па кнізе Ёны і гісторыі Літаніі да Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Затым пачаліся спартыўныя спаборніцтвы (пляжны валейбол, настольны тэніс, футбол), якія паказалі, што кожная каманда вельмі моцная.
Нягледзячы на шматлікія суперніцтвы, удзельнікі мелі магчымасць пазнаёміцца і знайсці новых сяброў. Таму што парафіяда — гэта не толькі месца спаборніцтваў, але і месца сяброўства і цеплыні.
Пасля смачнай вячэры свае ўзнагароды і памятныя падарункі з рук ксяндза каноніка Валерыя Орсіка і арганізатараў атрымалі прызёры Парафіяды:
- 1 месца заняла парафія Унебаўшэсця Хрыста (Дзеркаўшчына)
- 2 месца — парафія святога Антонія з Падуі (Віцебск)
- 3 месца — парафія святога Андрэя Апостала (Лынтупы)
Закончылася мерапрыемства адарацыяй Найсвяцейшага Сакраманта, падчас якой моладзь дзякавала Богу за добра праведзены час, які напэўна ўзбагаціў іх фізічна і духоўна, а таксама спрыяў новым знаёмствам.
Марыя Іваноўская і Марыя Грыцкевіч, тэкст
Марыя Пялінак, фота