“Дзякуй, што вы ёсць!” – Цэнтр дапамогі залежным ад алкаголю і наркотыкаў “Светач” у Бягомлі адзначыў свой першы пяцігадовы юбілей

Мерапрыемствы з нагоды пяцігоддзя Цэнтра дапамогі залежным ад алкаголю і наркотыкаў “Светач” прайшлі 10–11 ліпеня. Цэнтр дзейнічае пры каталіцкай парафіі Езуса Валадара Сусвету ў Бягомлі. Любы чалавек, які мае жаданне пазбавіцца сваёй залежнасці, можа знайсці тут дапамогу. І не важна, да якой канфесіі сябе адносіць.

За гэтыя пяць гадоў праз Цэнтр прайшло 120 чалавек, прыкладна паўсотні з іх вядуць зараз здаровы лад жыцця. Улічваючы такую страшную хваробу як алкагалізм, гэта вельмі добры паказчык.

Алкагалізм – гэта хвароба, а не нейкая распуста, як шмат хто лічыць у нашым грамадстве. Менавіта гэтае памылковае ўяўленне аб залежнасці ад алкаголю часта і перашкаджае эфектыўнаму вяртанню людзей да здаровага ладу жыцця. Гэта хвароба невылечная, але чалавек можа жыць з ёй, не ўжываць алкаголь і быць паўнавартаснай часткай грамадства. Гэтаму і вучаць у “Светачы”.

Уладзімір Шчэпін, заснавальнік і кіраўнік Цэнтра, сам у свой час сутыкнуўся з праблемай залежнасці ад алкаголю. Яму тады дапамаглі іншыя людзі, таму ён лічыць сваім доўгам дапамагаць зараз тым, хто сутыкнуўся з гэтай праблемай і хоча вярнуцца да цвярозага жыцця.

Уладзімір не можа дакладна сказаць, калі было цяжэй працаваць: на самым пачатку ці зараз. Паводле яго, кожны адрэзак часу мае свае адметнасці.

“Калі мы пачыналі, то ў нас быў вялікі энтузіязм, хацелася шмат рабіць і зрабіць. Гэта і дало нам сілы, каб утрымацца першы год на плаву, —дзеліцца з намі Уладзімір Шчэпін. – Самае складанае было на гэтым этапе – зарэкамендаваць сябе, паказаць, што гэты метад працуе, што мы тут не проста так. І першы год нашай працы даў такую магчымасць”.

Кіраўнік Цэнтра ўдзячны святару-капуцыну айцу Тадэвушу Кавальскаму, які служыць у Бягомлі і шмат зрабіў і робіць для развіцця “Светача”. Ён дапамагаў і ў пытаннях уладкавання Цэнтра, калі трэба было займацца будоўляй і рамонтам, а таксама знаходзіў магчымасці, каб падтрымаць Цэнтр фінансава, бо людзі, якія праходзяць курс рэабілітацыі, павінны за сябе плаціць, але не кожны мае такую магчымасць. Ды і давер людзей на першых часах “Светачу” таксама трэба было заваёўваць.  З гэтай задачай Цэнтр паспяхова справіўся, аб чым сведчылі людзі,  якія выйшлі на сцэну Бягомльскага Дому культуры ў першы дзень урачыстасцей. Усе яны ў свой час трапілі ў Цэнтр з праблемай алкагольнай залежнасці, дзе ім дапамаглі з гэтым справіцца.

Некаторыя з іх засталіся працаваць пры Цэнтры і дапамагаюць іншым спраўляцца са сваёй бядой. Бо хто ж лепш зразумее чалавека, як не той, хто сутыкнуўся з гэтай хваробай і здолеў яе перамагчы?!

“Усе кансультанты ў нас – гэта тыя людзі, што сутыкнуліся ў свой час з гэтай праблемай. Гэта адна з асноваў працы нашага Цэнтра. Такія людзі адчуваюць сябе тут як рыба ў вадзе,” – кажа Уладзімір Шчэпін.

Яго жонка Таццяна кажа, што асабліва ёй запомніўся перыяд, як яны пачыналі. І на самым пачатку была іх “Цвярозая лаўка” на Будслаўскім фэсце 2016 года. А яшчэ Таццяна ўзгадвае іх вянчанне. У 2017 годзе іх абвянчаў айцец Тадэвуш у мясцовай капліцы.  Зараз ужо цяжка сказаць адназначна: Цэнтр дзейнічае пры капліцы ці капліца пры Цэнтры.

Таццяна Шчэпіна ўзгадвае, што быў час, калі яна адчувала гонар за зробленую працу, але часам было і расчараванне, калі ў Цэнтры не было ніводнага рэабілітанта.  “Гэта магло працягвацца тыдзень – два, а потым людзі пачыналі ехаць, – успамінае Таццяна. – Таму мы ўжо навучыліся працаваць і з адным рэабілітантам, і з васьмю – дзевяццю”.

А яшчэ Цэнтр перыядычна праводзіць семінары з сузалежнымі людзьмі, гэта значыць з тымі, хто пастаянна жыве і кантактуе з людзьмі залежнымі. Бо хвароба іх блізкіх адбіваецца непасрэдна і на іх жыцці.

Яшчэ адзін супрацоўнік Цэнтра, Генадзь Бервячонак з Глыбокага, адзначае, што праз Цэнтр прайшло больш за сотню чалавек, і кожны чалавек – гэта своеасаблівы асобны свет. У кожнага з гэтых людзей былі свае гісторыі жыцця: у некага звычайныя, а ў некага і вельмі незвычайныя. Ён быў уражаны, што алкагалізм і іншыя залежнасці могуць рабіць з людзьмі.

“Я таксама ўзяў шмат ад гэтых людзей, – дзеліцца спадар Генадзь. – Дзякуючы нашаму Цэнтру, яны мелі магчымасць пачаць новае жыццё. Яны казалі, што гэта іх другі дом, дзе прайшло іх другое нараджэнне. Гэта для мяне самыя яркія моманты нашай працы”.

Генадзь Бервячонак адзначае, што за пяць гадоў будынак Цэнтра змяніўся не толькі знешне, але змяняліся і самі людзі. “Нават вада псуецца, калі стаіць на месцы, яна павінна рухацца, – кажа ён. –  Так мусіць быць і ў нас”.

У пацверджанне яго словаў Уладзімір Шчэпін кажа, што яны плануюць пашырацца. Раней у Цэнтры аказвалі дапамогу толькі хімічна залежным людзям, гэта значыць, алкаголікам і наркаманам. Але Праграма “12 крокаў”, па якой працуе рух Ананімных Алкаголікаў, універсальная, яе можна выкарыстоўваць і для лячэння ад іншых залежнасцяў.

Таму каманда “Светача”, каб пазбегнуць застою, стала працаваць і з іншымі праблемамі. “Прамежак часу ў пяць гадоў паказаў, што ў нас арганізавалася прафесійная каманда, якая ў поўнай меры можа працаваць з любымі залежнасцямі,” – не без гонару кажа Уладзімір Шчэпін.

Зараз у Бярозаўцы закрываецца школа, яе будынак прапанавалі аддаць Касцёлу. Таму Уладзімір марыць стварыць тут школу кансультантаў, стварыць свае навучальныя праграмы, каб рыхтаваць новыя кадры ў змаганні з людскімі бедамі.

Падчас сустрэчы ладзіліся розныя трэнінгі і лекцыі, праводзілася праца ў групах. Вечарам была забаўляльная частка: канцэрт, дыскатэка, лазня,  шашлыкі. І ўсё гэта без кроплі алкаголю!

Завяршылася сустрэча ў нядзелю Імшой удзячнасці за пяць гадоў працы Цэнтру дапамогі залежным ад алкаголю і наркотыкаў “Светач”. Яе ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Сваё казанне ён распачаў словамі з Евангелля, што дрэва распазнаецца па пладах, якія прыносіць. Гэтыя словы можна дапасаваць і да працы Цэнтра, бо за пяць гадоў ужо ёсць пэўныя вынікі.

“Кожная залежнасць узнікае, калі чалавек адыходзіць ад Бога, – адзначыў іерарх, – Сын Божы прыйшоў у гэты свет, каб зрабіць нас свабоднымі. Алкагалізм, наркаманія – гэта несвабода, гэта залежнасць”. Таму адзін з крокаў, каб яе пазбавіцца: гэта прыняць пакору перад Богам, каб прызнаць сваю залежнасць”. Менавіта гэта і з’яўляецца адным з пунктаў Праграмы “12 крокаў”.

Ардынарый адзначыў, што чалавек адрозніваецца ад іншых жывых істотаў тым, што мае сумленне. А гэта ні што іншае, як голас Бога. І гэты голас нельга заглушаць. Некаторыя людзі спрабуюць заглушыць гэты голас алкаголем, але гэта не дапамагае. Наадварот, праблема толькі павялічваецца. Тут, па словах біскупа, дапамагчы можа толькі пакаянне і зварот да Божай дапамогі.

Напрыканцы Імшы іерарх параўнаў наступствы алкагалізму для нашай краіны з Другой сусветнай вайной. Тады ў Беларусі не было сям’і, жыццё якой не парушыла вайна. Так і зараз цяжка знайсці сям’ю, якую б хоць нейкім чынам не закранула гэта бяда.

Але не трэба ўпадаць у роспач, – перасцярог біскуп Алег. З Богам усё можна зрабіць, таму для чалавека веруючага няма нічога немагчымага. Іерарх адзначыў, што было б добра, каб гэтай праблемы не было, тады б і не спатрэбіліся такія Цэнтры: “Але пакуль праблема існуе, то над ёй трэба працаваць. Таму дзякуй, што вы ёсць!”

На заканчэнне Уладзімір Шчэпін сказаў: “Калі людзі, якія прыехалі да нас, выйшлі на сцэну Дома культуры, у мяне было захапленне ад нашай працы. Што мы можам быць не проста цвярозымі, а жыць па-цвярозаму. Таму мы будзем ісці далей, каб дапамагаць сабе, а праз нас і іншым людзям”.

Таму застаецца толькі пажадаць Цэнтру плёну ў іх нялёгкай, але такой патрэбнай працы.

Зміцер Лупач, тэкст
Леанід Юрык, фота

для друку для друку